Фільм «20 дзён у Марыюпалі» атрымаў узнагароду ў намінацыі «Найлепшы мастацка-дакумэнтальны фільм». Аўтары фільму — Мсьціслаў Чарноў, Мішэль Мізнэр і Рэйні Арансон-Рат.
Гэта першы «Оскар» у гісторыі Ўкраіны. Ён апавядае пра трагедыю Марыюпалю, які ўшчэнт разьбіты расейскімі акупацыйнымі войскамі.
Мсьціслаў Чарноў заявіў, што для яго атрымаць «Оскар» — гэта гонар. Аднак прызнаньне не прыносіць шчасьця.
«Я, напэўна, буду першым рэжысэрам на гэтай сцэне, які скажа, што хацеў бы ніколі не здымаць гэты фільм. Калі б я мог гэта зьмяніць. Каб Расея ніколі не нападала на Ўкраіну, ніколі не акупавала нашыя гарады. Я б аддаў усё, каб Расея не забіла дзясяткі тысяч маіх суграмадзян. Я хацеў бы бачыць усіх закладнікаў вызваленымі, усіх салдат, якія абараняюць сваю зямлю, і ўсіх мірных жыхароў, якія цяпер у турмах. Я не магу зьмяніць гісторыю. Я не магу зьмяніць мінулае. Але. Усе мы, усе мы ў гэтай залі, самыя таленавітыя людзі ў сьвеце, можам зрабіць так, каб праўда перамагла. А марыюпальцы і тыя, хто аддаў свае жыцьці, ніколі ня будуць забытыя. Бо кіно стварае ўспаміны. А ўспаміны фармуюць гісторыю. Дзякуй усім. Дзякуй Украіне. Слава Ўкраіне!»
Найлепшым фільмам прызналі «Опэнгаймэр» Крыстафэра Нолана, актору Кіліяну Мэрфі з гэтай стужкі ўручылі «Оскар» за найлепшую ролю першага пляну, а Робэрту Даўні-малодшаму — за найлепшую ролю другога пляну. Агулам стужка сабрала 13 статуэтак.
Найлепшай акторкай стала Эма Стоўн зь фільму «Бедныя-няшчасныя» (Poor Things).
Уладальнікаў усіх «Оскараў» на 96-й цырымоніі можна паглядзець на сайце Кінаакадэміі.