У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук у Менску адкрылі выставу пра дзеяча беларуска-татарскага нацыянальнага адраджэньня Ібрагіма Канапацкага, піша Reform. by.
Выстава да 75-годзьдзя з дня нараджэньня Ібрагіма Канапацкага (1949-2005) працуе ў чытальнай залі рэдкіх кніг і рукапісаў.
Як паведамляецца на сайце Бібліятэкі, у экспазыцыі пад назвай «Ібрагім Канапацкі — пачынальнік адраджэньня культуры татараў Беларусі: да 75-годзьдзя з дня нараджэньня» прадстаўленыя працы Ібрагіма Канапацкага 1980 — 2005 гадоў: кнігі, артыкулы ў навуковых зборніках і пэрыядычных выданьнях, матэрыялы шматлікіх навуковых канфэрэнцый, ініцыятарам і удзельнікам якіх быў Канапацкі. А таксама яго манаграфія «Беларускія татары: мінулае і сучаснасьць» (1993 г., у суаўтарстве са Станіславам Думіным) і навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000 г., у сааўтарстве з Аляксандрам Смолікам).
Ібрагім Канапацкі — грамадзкі і рэлігійны дзеяч беларуска-татарскага нацыянальнага адраджэньня, кандыдат гістарычных навук, намесьнік старшыні Беларускага грамадзкага аб’яднаньня татараў «Зікр уль-Кітаб».
Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле было праведзена 11 міжнародных навукова-практычных канфэрэнцый па гісторыі і культуры татараў Беларусі, Літвы і Польшчы, прысьвечаных праблемам дасьледаваньня культурнай спадчыны татараў.
У 1990-х Ібрагім Канапацкі стаяў ля вытокаў стварэньня Беларускага згуртаваньня татараў-мусульманаў «Аль-Кітаб» («Кніга»), ад 2000 — Беларускае грамадскае згуртаваньне татараў «Зікр уль-Кітаб» («Памяць і кніга»). У 1993-м зь яго ініцыятывы была праведзеная першая міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная 600-годзьдзю запрашэньня татараў на землі Беларусі. У 1994-м Канапацкі быў сябрам арганізацыйнага камітэту па правядзеньні Першага Усебеларускага зьезду мусульман, у адпаведнасьці з рашэньнямі якога 2 лютага таго году было створана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь. Ібрагім Канапацкі ўвайшоў у склад кіраўніцкага органу аб’яднаньня — муфтыяту, стаўшы намесьнікам муфтыя і старшынём мусульманскай суполкі Менску. Сам праводзіў набажэнствы ў Сьмілавіцкай мячэці.
Ён быў галоўным рэдактарам часопіса «Байрам» (ад 1999; часопіс выходзіў на беларускай мове) — першага пэрыядычнага выданьня беларускіх татар за болей чым 600-гадовую гісторыю пасяленьня гэтага народу на землях Беларусі.
Прыклаў вялікія намаганьні для адбудовы мячэцей у Слоніме (1997), Сьмілавічах (1997), Наваградку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Маладэчне (2000), Лоўчыцах (2002) і Менску. У 1995 спрыяў стварэньню татарскага культурнага цэнтру ў Іўі.
Ібрагім Канапацкі быў навукоўцам-гісторыкам і стваральнікам сучаснай навуковай школы татаразнаўства, які за паўтара дзесяцігодзьдзі падрыхтаваў групу навукоўцаў — спэцыялістаў па гісторыі татар Вялікага Княства Літоўскага.