1 сакавіка ў Варшаве памерла 25-гадовая беларуска Лізавета, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. На месцы трагедыі ўзьнік стыхійны мэмарыял. Цяпер туды прыходзяць людзі, каб ушанаваць памяць загінулай, запаліць зьнічку альбо пакласьці кветкі.
Свабода паразмаўляла з жыхарамі Варшавы.
Напад на 25-гадовую беларуску Лізавету адбыўся ў нядзелю, 25 лютага, на вуліцы Журавяй у самым цэнтры Варшавы.
Дзяўчына вярталася дадому, калі на яе напаў мужчына ў масцы. У той жа дзень яго арыштавалі, ён прызнаўся ў нападзе. Мужчыну можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне.
Раней намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт паабяцала ў этэры тэлеканала ТВН24, што пакараньне за згвалтаваньне ў Крымінальным кодэксе Польшчы будзе больш жорсткім.
Па словах Марыі Эйхарт, кіроўная партыя рыхтуе зьмены ў заканадаўства, па якіх згвалтаваньнем будзе лічыцца палавы акт без папярэдняй сьвядомай і добраахвотнай згоды абодвух бакоў.
Гэта азначае, што згвалтаваньнем будзе лічыцца ў тым ліку «давядзеньне да палавога акту сілай, незаконнай пагрозай або падманам». Аналягічныя нормы аб злачынствах супраць палавой недатыкальнасьці дзейнічаюць у многіх краінах Заходняй Эўропы.
Судзьдзя Дарота Заблудоўска, якая падтрымала зьмены, падкрэсьліла, што Польшчы патрэбныя сацыяльная кампанія, якая б тлумачыла навацыі ў законе, і «зьмяненьне мэнталітэту польскіх жанчын і польскіх мужчын».
- 25-гадовая беларуска Лізавета, на якую жорстка напалі ў цэнтры Варшавы, памерла 1 сакавіка. Інфармацыю пра сьмерць дзяўчыны польскаму выданьню Onet пацьвердзіла Барбара Мяткоўская, прэс-сакратарка клінічнага цэнтру Мэдычнага ўнівэрсытэту Варшавы.
- Непасрэднай прычынай сьмерці стала гібель мозгу. Дзяўчына некалькі дзён прабыла ў цяжкім стане ў аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі адной са сталічных лякарняў.
- Напад адбыўся ў нядзелю, 25 лютага, на вуліцы Журавяй у самым цэнтры Варшавы. Беларуска Ліза вярталася дадому, калі на яе напаў мужчына ў масцы.
- Празь некалькі хвілін на месца злачынства прыбылі паліцыянты, якія выклікалі хуткую і да яе прыезду аказвалі пацярпелай першую дапамогу. Лізу даставілі ў лякарню ў крытычна цяжкім стане.
- У той жа дзень затрымалі падазраванага ў гэтым злачынстве.