Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Коўлам і пахваліў Трампа


Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Менск, 12 сьнежня 2025
Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Менск, 12 сьнежня 2025

Раней было вядома, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з уладамі Беларусі магчымасьць вызваленьня палітычных зьняволеных.

Аляксандар Лукашэнка 12 сьнежня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцыяльным пасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал прэсавай службы Лукашэнкі. Сустрэча прайшла за зачыненымі дзьвярыма.

«У нас шмат пытаньняў. Сьвет мяняецца вельмі хутка, зьяўляюцца новыя праблемы, якія мы з вамі павінны абмеркаваць. А магчыма, і вырашыць сякія-такія пытаньні», — сказаў Лукашэнка ў пачатку размовы, піша БелТА.

«Джон, я віншую цябе з новым прызначэньнем. Ты цяпер галоўны па Беларусі ў нас. Перадайце Трампу, што мы нешта павінны зрабіць у сувязі з гэтым. І мы зробім»,— заявіў Лукашэнка Джону Коўлу.

Пры гэтым ён сказаў Коўлу пра прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа:

«Хачу сказаць, што апошнім часам ён мне вельмі падабаецца сваімі дзеяньнямі».

Як паведамілі БелТА у прэс-службе Лукашэнкі, перамовы пачаліся ў пятніцу 12 сьнежня і плянуецца, што яны працягнуцца на наступны дзень.

Агенцтва Reuters раней паведаміла з спасылкай на «тры крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй», адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з уладамі Беларусі магчымасьць хуткага вызваленьня сама меней 100 палітычных зьняволеных.

Адзначаецца, што дыялёг вядзецца «ў рамках збліжэньня паміж ЗША і хаўрусьнікам Расеі». На іхную думку, «нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, зважаючы на тое, што Беларусь доўгі час была пастаяннай крыніцай раздражненьня для NATO і верным саюзьнікам Расеі».

Пры гэтым агенцтва нагадвае, што «большасьць эўрапейскіх краін трымаюцца ад Менску на адлегласьці праз глыбокія сувязі Беларусі з Расеяй і дрэнную сытуацыю з правамі чалавека ў краіне».

Дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская на брыфінгу ў Варшаве 24 лістапада паведаміла, што правяла перамовы з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джонам Коўлам.

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі.

«Ён ужо пасьпяхова дабіўся вызваленьня 100 закладнікаў і мае намер дабіцца вызваленьня яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць паважанаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да гэтых пытаньняў».

20 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ў сьнежні, хутчэй за ўсё, у яго адбудуцца «чарговыя перамовы з амэрыканскімі прадстаўнікамі».

Як паведаміла выданьне «Позірк», такую заяву Лукашэнка зрабіў 20 лістапада на сустрэчы з кіраўніком ягонай адміністрацыі Дзьмітрыем Крутым.

«Хутчэй за ўсё, яшчэ ў сьнежні ў нас перамовы з нашымі амэрыканскімі партнэрамі, прынамсі мы на гэта арыентуемся. Таму графік працы каб быў дакладна вывераны, [каб] я разумеў, дзе я патрэбны, дзе не патрэбны і што мы там можам зрабіць», — сказаў Лукашэнка.

У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца каля 1300 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

  • У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленьні (з далейшым вывазам у Літву) дзьвюх групаў беларускіх палітвязьняў, а таксама замежных грамадзян бяз гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14 чалавек, 11 верасьня — 51 чалавека.
  • 14 кастрычніка на нарадзе ў пытаньнях «глябальнай міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх адносінаў» Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці да «вялікай угоды» з ЗША.
  • 11 верасьня і 4 лістапада ЗША ў два этапы зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія», у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненьне да Лукашэнкі і кампаніі «Славкалий», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG