Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што пункты пропуску на мяжы павінны быць адкрытымі і бясьпечнымі для транспартаваньня вайсковай і гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
Як паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода, пра гэта Дональд Туск заявіў увечары 29 лютага пасьля сустрэчы з польскімі фэрмэрамі, якія блякавалі мяжу Польшчы і Ўкраіны.
«Польскі ўрад, і я дакладна асабіста, і пратэстоўцы, маем адну мэту — якім чынам абараніць польскае фэрмэрства, польскі рынак, эўрапейскі рынак перад ужо несправядлівымі наступствамі, на маю думку, няўзважанага рашэньня пра лібэралізацыю гандлю з Украінай», — сказаў Дональд Туск.
Паводле яго, фэрмэры-пратэстоўцы выказалі абгрунтаваныя прапановы, але некаторыя зь іх датычацца неабходнасьці зьменаў сельскагаспадарчай палітыкі Эўразьвязу.
«Будзем супольна працаваць над увядзеньнем эмбарга на расейскую і беларускую аграпрадукцыю. Гэта не ўкладаецца ў галаве, што ў часы вайны, калі мы гаворым, што патрэбны мыты для Ўкраіны, каб адначасова прадукты расейскія і беларускія траплялі ў Эўропу зусім без якіх-небудзь абмежаваньняў. Гэта драматычна ўплывае на цану, у прыватнасьці на збожжа, ва ўсёй Эўропе», — паведаміў польскі прэм’ер.
З восені 2023 году з польскага боку пэрыядычна блякуюць рух праз пункты пропуску на мяжы з Украінай.
Спачатку рух спынілі польскія перавозчыкі, якія патрабавалі аднавіць дазволы, скасаваныя для ўкраінскіх перавозчыкаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Ва ўмовах закрытай паветранай прасторы і марскіх шляхоў сухапутная мяжа стала адзінай лягістыкай, па якой Украіна атрымлівае вайсковую дапамогу з Захаду — тэхніку, зброю і снарады.
Адметна, што тады польскія перавозчыкі блякавалі рух ня толькі на вываз прадукцыі з Украіны, а і на ўвоз ва Ўкраіну. Для высьвятленьня сытуацыі ў Польшчу выяжджала нават дэлегацыя зь Літвы, занепакоеная тым, што іхная дапамога не даходзіць да ўкраінскага фронту. У канцы сьнежня сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць і разблякаваць, хоць яе намагаліся пашырыць і на межы Ўкраіны зь іншымі краінамі Эўразьвязу — Славаччынай і Румыніяй. Чакаючы магчымасьці перасекчы мяжу, у чэргах памерлі некалькі ўкраінскіх кіроўцаў.
Пазьней польскія фэрмэры пачалі блякаваць трасы, якія вядуць да ўкраінскай мяжы. Галоўнае патрабаваньне — спыніць увоз украінскага збожжа і адначасова скасаваць экалягічныя і кліматычныя абмежаваньні, уведзеныя ў межах Эўразьвязу. І калі перавозчыкі-пратэстоўцы спынялі толькі грузавы транспарт, фэрмэры пачалі блякаваць пасажырскія аўтобусы і чыгуначны транспарт. Галоўнай зброяй стала збожжа — яго высыпаюць проста на дарогу.