Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурэль заявіў, што ў новых беларускіх дэпутатаў няма легітымнасьці. МЗС Расеі ўбачыла на выбарах «спробы дэстабілізацыі»


Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль
Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль

У Эўразьвязе асудзілі працэс выбараў у Беларусі, назваўшы яго непразрыстым. У Маскве заявілі пра спробы эміграцыі і Захаду расхістаць сытуацыю.

Легітымнасьць выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў, якія адбыліся ў Беларусі 25 лютага, была сур’ёзна падарваная «пастаянным ўзрастаньнем і беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій, парушэньня правоў чалавека, абмежаваньняў на ўдзел у палітычным жыцьці і доступ да незалежных СМІ», адзначыў вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

«У гэтым кантэксьце відавочна, што ўмовы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а новыя прадстаўнікі парлямэнту і мясцовых саветаў ня маюць дэмакратычнай легітымнасці», — канстатаваў эўрапейскі чыноўнік.

Бурэль выказаў шкадаваньне з нагоды факту, што ўлады ў Менску не запрасілі на выбары назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. На яго думку, гэта «яшчэ раз сьведчыць пра недастатковую празрыстасьць выбарчага працэсу і няздольнасьць забясьпечыць яго адпаведнасьць міжнародным выбарчым стандартам».

«ЭЗ працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народу выбіраць сваіх прадстаўнікоў шляхам сапраўдных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і іх эфэктыўнай рэабілітацыі».

У Расеі заявілі пра спробы дэстабілізацыі становішча ў Беларусі

У той жа час у МЗС Расеі асудзілі «спробы зьбеглай эмігранцкай апазыцыі і калектыўнага Захаду дэстабілізаваць сытуацыю, якія мелі месца» ў Беларусі напярэдадні і падчас Адзінага дня галасаваньня.

На думку расейскага ведамства, «пераважная большасьць» выбарнікаў, якія прыйшлі на выбары, аддалі галасы за «патрыятычна настроеных дэпутатаў». «Патрыятычнымі» ў Крамлі называюць беларускіх палітыкаў, якія выступаюць у тым ліку за далейшае збліжэньне з Расеяй.

МЗС Расеі «салідарнае з высокімі ацэнкамі арганізацыі галасаваньня, дадзенымі міжнароднымі назіральнікамі», у прыватнасьці, ад СНД, ШАС, АДКБ і «іншых міжнародных структур».

Нагадаем, што на выбары запрасілі толькі арганізацыі, ляяльныя Маскве ці залежныя ад яе. Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ і незалежныя беларускія назіральнікі на выбары допуску не атрымалі. У краіне жорсткі перасьлед апазыцыі, звыш 1400 зьняволеных, афіцыйна прызнаных палітычнымі, тысячы людзей выехалі з краіны за мяжу, ратуючыся ад перасьледу.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG