Кіраўніца міграцыйнага дэпартамэнту Літвы Эвэліна Гудзінскайце заявіла аб зьмяншэньні мігрантаў зь Беларусі, якія зьвяртаюцца па дазвол на пражываньне на літоўскай тэрыторыі.
«Колькасьць грамадзян Беларусі, якія прыяжджаюць у Літву, за апошнія некалькі месяцаў крыху зьнізілася, тэмпы росту патоку крыху запаволіліся, калі параўноўваць з пачаткам мінулага года», — сказала Эвэліна Гудзінскайце ў інтэрвію выданьню LRT RADIO.
Літоўскае выданьне паведаміла, што на пачатку лютага 2024 году ў Літве знаходзіліся 224,8 тысяч іншаземных грамадзян, у тым ліку 62 474 грамадзян Беларусі.
Эвэліна Гудзінскайце дадала, што зьмяншэньне міграцыйнага патоку зь Беларусі зьвязана ў тым ліку і з пераарыентацыяй бізнэсу, які «усё часьцей пачынае запрашаць працоўную сілу зь іншых краін, якія не ўяўляюць такой вялікай рызыкі, напрыклад, з Узбэкістану, Кіргістану і Казахстану».
Кіраўніца міграцыйнага дэпартамэнту таксама пракамэнтавала рэакцыю беларускіх перавозчыкаў на вайну Расеі з Украінай, зь якімі на мяжы Літвы і Беларусі пагутарылі карэспандэнты выданьня. У публікацыі пераважаюць выказваньні аб тым, што ніякай вайны няма, а чэргі на літоўскай мяжы зьвязаныя зь кепскай працай літоўскіх памежнікаў.
«Я б не сказала, што гэта людзі, якія абавязкова падтрымліваюць вайну. З тых інтэрвію бачна, што гэта людзі, якім проста напляваць на палітыку і ім трэба проста зарабляць грошы. Вядома, насьцярожвае тое, што такіх людзей шмат», — адзначыла яна.
Эвэліна Гудзінскайтэ мяркуе, што такіх грамадзян «інструктуюць», які правільна адказваць на пытаньні анкеты пры падачы дакумэнтаў на атрыманьне віду на жыхарства.
«На жаль, некаторых беларусаў інструктуюць, як правільна адказваць, каб яны правільна адказвалі, і такім чынам, так, некаторыя зь іх праходзяць праз наш кантроль», — мяркуе кіраўніца міграцыйнага дэпартамэнту Літвы.
Паводле яе, грамадзяне Беларусі праходзяць праз пільныя праверкі.
«Застаюцца рызыкі, што ня ўсё прадугледзелі, але праверкі працягваюцца. Магчыма, від на жыхарства выдадуць, але потым яго анулююць. Такія выпадкі былі», — дадала Эвэліна Гудзінскайце.
Урад Літвы 21 лютага падтрымаў ініцыятыву Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі аб закрыцьці зь першага сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».
Адкрытымі застануцца пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі», але на іх зь вясны таксама абмяжуюць рух пешаходаў і веласіпэдыстаў.