Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Захаду асудзілі парушэньні на выбарах у Беларусі, а Крэмль павіншаваў Лукашэнку з посьпехам


Выбарчы ўчастак у Беларусі, архіўнае фота
Выбарчы ўчастак у Беларусі, архіўнае фота

Шэраг урадаў краін Захаду заявіў, што выбарчы працэс у Беларусі праходзіў зь вялікімі парушэньнямі.

МЗС Нямеччыны стаў у шэраг ведамстваў заходніх дзяржаў, якія не прызналі вынікаў выбараў у Беларусі.

«Мы рашуча асуджаем сыстэмныя рэпрэсіі падчас выбараў у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі робіць усё магчымае, каб прыдушыць імкненьне людзей да дэмакратыі. Ён адчуў сілу дэмакратычнай ідэі — і гэтая сіла працягвае палохаць рэжым», — напісаў МЗС.

Яшчэ раней Адзіны дзень галасаваньня скрытыкавала група «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу.

«Мы рашуча асуджаем бесчалавечныя дзеяньні беларускага рэжыму. Мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а таксама сумленных і свабодных выбараў у Беларусі. Наша падтрымка беларускага дэмакратычнага руху ёсьць і застаецца нязьменнай!» — напісаў дэпутат Бундэстагу Робін Вагенэр у сетцы Х.

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША адзначылі, што «выбары адбываліся ў атмасфэры страху, у якой любы выбарчы працэс нельга назваць дэмакратычным».

Зьявілася і рэакцыя Расеі, але яна ўхвальная. Кіраўнік Крамля Ўладзімір Пуцін павіншаваў Лукашэнку з «пасьпяховым правядзеньнем адзінага дня галасаваньня і ўпэўненай перамогай беларускіх патрыятычных сіл».

«Высокая яўка выбарнікаў і вынікі народнага волевыяўленьня наглядна пацьвярджаюць шырокую падтрымку курсу на гарманічнае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Беларусі, забесьпячэньне ўнутрыпалітычнай стабільнасьці і прасоўваньне ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў у рамках саюзнай дзяржавы».

Выбары ў Беларусі ўжо асудзілі ў ЗША і Ўкраіне. У Вярхоўнай радзе Ўкраіны назвалі беларускія выбары 25 лютага «інструмэнтам паглыбленьня дыктатуры Лукашэнкі».

Акрамя таго, выбары скрытыкаваў беларускі ўрад у выгнаньні — Рада БНР. Там заявілі, што «акцыя, арганізаваная незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі».

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG