Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі зруйнавалі вакзал у Канстанцінаўцы, які зьвязваў Данбас з Кіевам


Зруйнаваны вакзал у Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці. 25 лютага 2024
Зруйнаваны вакзал у Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці. 25 лютага 2024

25 лютага, як паведамляе паліцыя Данецкай вобласьці, у выніку абстрэлу горада Канстанцінаўка з боку расейскіх войскаў быў разбураны будынак чыгуначнага вакзала,

Пацярпеў таксама праваслаўны храм, некалькі жылых дамоў, адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі. Паведамляецца аб адным пацярпелым.

Гаворка ідзе аб ракетным удары або аб скідзе авіябомбы. У сацсетках распаўсюджваюцца фота і відэа, на якіх бачны разбураны вакзал.
Канстанцінаўка — буйны горад у кантралюемай Украінай частцы Данецкай вобласьці.

Расейскія войскі зараз наступаюць на Часіў Яр, які зьяўляецца апошнім неакупаваным буйным населеным пунктам на ўсход ад Канстанцінаўкі. Пасьля пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе, але да шырокамаштабнага расейскага ўварваньня 2022 года, Канстанцінаўка была канчатковай станцыяй цягніка, які накіроўваўся з Кіева на Данбас.

Таксама ў ноч на 25 лютага расейскія вайскоўцы, па сьцьвярджэньнях Паветраных сіл Украіны, выпусьцілі па Украіне 18 дронаў тыпу «Шахед», з іх было зьбіта 16. У Хмяльніцкай вобласьці, па паведамленьнях мясцовых уладаў, у выніку атакі бесьпілётнікаў быў пашкоджаны інфраструктурны аб’ект. Аб пацярпелых не паведамлялася.

Усяго за апошнія суткі ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў, паводле зьвестак украінскіх уладаў, загінулі двое мірных жыхароў — адзін у Херсонскай і адзін у Запароскай вобласьці.

Расейскае Мінабароны гэтыя ўдары, у тым ліку па Канстанцінаўцы, пакуль не камэнтавала.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG