Лінкі ўнівэрсальнага доступу

MOST: Польскія перавозчыкі падалі заяўку на блякаваньне адзінага шляху дастаўкі грузаў зь Беларусі ў Польшчу


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскія фэрмэры блякуюць польска-ўкраінскую мяжу. 9 лютага 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскія фэрмэры блякуюць польска-ўкраінскую мяжу. 9 лютага 2024 году

Як стала вядома выданьню MOST, польскія перавозчыкі і фэрмэры падалі ў адміністрацыю гміны Тэрэспаль заяўку на правядзеньне акцыі пратэсту на аўтадарозе № 68 у раёне Карошчына — гэта фактычна адзіная магістраль, па якой цяпер ідуць грузавыя перавозкі зь Беларусі ў Польшчу.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту — «Кукурыкі — Казловічы», ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе. На працягу месяца ўдзельнікі акцыі плянуюць прапускаць па гэтай трасе па адным грузавіку за гадзіну. Дарогі, якія праходзяць побач, абмежаваныя для праезду аўтатранспарту агульнай вагой звыш 20 тон.

Для беларускіх транспартных кампаній і польскіх кампаній зь беларускім капіталам гэта можа азначаць страты ў сотні мільёнаў эўра, заявілі выданьню прадстаўнікі галіны. Яны ўжо рыхтуюць пэтыцыю на адрас польскіх уладаў з патрабаваньнем не дапусьціць блякаваньня дарогі.

Пратэст плянуюць пачаць а 8-й раніцы 26 лютага і працягнуць да 31 сакавіка ўключна, вынікае з заяўкі, накіраванай арганізатарамі акцыі пратэсту ва ўжонд Тэрэспаля (копія дакумэнта ёсьць у рэдакцыі MOST). Арганізатаы маюць намер вывесьці на дарогу 10 седлавых цягачоў і 10 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, заяўленая колькасьць удзельнікаў акцыі — «ад 10 чалавек да двух тысяч».

У Польшчы ўзгадненьне акцый мае паведамляльны прынцып, але яны не павінны парушаць заканадаўства, у тым ліку забароненае поўнае блякаваньне дарог. Гэты момант арганізатары акцыі пастараліся абысьці: у заяўцы пазначана, што ўдзельнікі будуць прапускаць грузавікі па раскладзе, з частатой адна машына за гадзіну ў кожны бок. Абмежаваньні ня будуць распаўсюджвацца на транспарт, які перавозіць жывых жывёл, а таксама на праезд супрацоўнікаў памежнай і спэцыяльных службаў.

Польскія СМІ пішуць пра пляны гэтай акцыі са спасылкай на MOST, не даючы дадатковых дэталяў.

Ініцыятары акцыі спрабуюць дамагчыся вырашэньня праблем перавозчыкаў і фэрмэраў. Яны патрабуюць:

  • вярнуцца да сыстэмы выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарта на ўкраінскіх і малдаўскіх нумарах,
  • абмежаваць увоз збожжа і садавіна-гародніннай прадукцыі з Украіны, а таксама адтэрмінаваць увядзеньне мераў эўрапейскай аграпалітыкі,
  • забараніць рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з украінскім, беларускім і расейскім капіталам (на думку арганізатараў акцыі, гэты бізнэс аказвае нэгатыўны ўплыў на стан польскіх перавозчыкаў).

Пасьля забароны на ўезд у ЭЗ для беларускіх і расейскіх перавозчыкаў, многія транспартныя кампаніі зь Беларусі пачалі драбіць бізнэс, рэгіструючы даччыныя прадпрыемствы ў Польшчы. Фактычна гэта давала магчымасьць аднаму і таму ж перавозчыку везьці груз на беларускай фуры да транспартна-лягістычнага цэнтру на польскай мяжы, а далей — ужо на польскай фуры, адзначае выданьне.

Адной з мэтаў акцыі заяўлены зварот увагі польскіх уладаў на неэфэктыўнасьць санкцыяў, накладзеных на Расею і Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG