Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай, удзел бралі прадстаўнікі Канады, Чэскай Рэспублікі, Эстоніі, Францыі, Германіі, Ірляндыі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Польшчы, Гішпаніі, Швэцыі, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША. Да сустрэчы таксама далучыўся амбасадар Украіны для асаблівых даручэньняў у справе Беларусі Ігар Кізім.
«У Беларусі шмат праблемаў. Самая вялікая — людзі ў турмах паміраюць. І ў нас няма простага рэцэпта, як іх вызваліць. Узровень рэпрэсіяў настолькі высокі, што нашая прастора для дзеяньняў унутры краіны вельмі абмежаваная. Мы намагаемся задавальняць практычныя патрэбы беларускіх людзей у выгнаньні. Па-першае, мы выступаем за павелічэньне колькасьці візаў. Па-другое, мы просім прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты, выдаваць пашпарты замежніка і спрасьціць працэдуру атрыманьня відаў на жыхарства», заявіла лідэрка дэмакратычных сілаў падчас сустрэчы.
Паведамляецца, што падчас дыскусіі абмяркоўвалі шляхі прыцягненьня рэжыму да адказнасьці, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасьці і мэдыя.