Дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Анатоль Лябедзька бяруць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Ялцінская эўрапейская стратэгія» (YES), якая адбываецца 24 лютага ў Кіеве і прымеркавана да другой гадавіны паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
«На канфэрэнцыю прыбылі старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен, былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, іншыя замежныя палітыкі, прадстаўнікі кіраўніцтва Ўкраіны, дэпутаты, экспэрты і вайскоўцы», — паведаміў «Позірку» Франак Вячорка.
Візыт дарадцаў Ціханоўскай ва Ўкраіну пачаўся 23 лютага. Паводле слоў Вячоркі, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі штабу палка Каліноўскага, дарадцам кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаілам Падаляком, дэпутатамі Вярхоўнай Рады, групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ў парлямэнце, кіраўніком парлямэнцкага камітэту замежных спраў.
Паводле слоў Вячоркі, з удзелам прадстаўніка палка адбылася сустрэча з кіраўнікамі і прадстаўнікамі камітэтаў замежных справаў парлямэнтаў Літвы, Канады, Бэльгіі, Чэхіі, Фінляндыі, Эстоніі, Грэцыі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Латвіі, Ірляндыі, Ісьляндыі, якія наведваюць Кіеў з нагоды другой гадавіны паўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
З групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ва ўкраінскім парлямэнце адбылася дыскусія «Стасункі афіцыйнага Кіева і дэмакратычных сіл Беларусі: выклікі, пагрозы, магчымасьці».
Назву «Ялцінская» для канфэрэнцыі, відавочна, абралі дзеля адсылкі на Ялцінскую канфэрэнцыю 4-11 лютага 1945 году, на якой СССР, ЗША і Вялікая Брытанія вызначалі супольныя дзеяньні супраць гітлераўскай Нямеччыны. Тая канфэрэнцыя сапраўды адбылася ў Ялце, цяпер жа горад у Крыме акупаваны Расеяй.