Раней публічнымі тварамі ByPol былі Аляксандар Азараў і Станіслаў Лупаносаў. Цяпер публіцы прадстаўлены яшчэ адзін чалец аб’яднаньня былых сілавікоў — былы супрацоўнік Генпракуратуры Аляксандар Ракіцкі, паведамляе «Наша ніва».
Аляксандру Ракіцкаму 50 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладэчне. Скончыў Акадэмію кіраваньня па спэцыяльнасьці «правазнаўства» і «зьнешняя палітыка і дыпляматыя». Мае званьне «Малодшы дарадца юстыцыі, дзяржаўны службовец 3-й клясы».
Службовую кар’еру ён пачаў зь Менскай транспартнай пракуратуры. Быў памочнікам пракурора і сьледчым. Затым перайшоў у Генэральную пракуратуру. Працаваў у міжнародна-прававым аддзеле, а таксама займаўся пытаньнямі, зьвязанымі з наглядам за выкананьнем пакараньняў.
Апошняе яго месца працы — Навукова-практычны цэнтар Генпракуратуры. Адтуль ён звольніўся ў 2021 годзе.
ByPol паведамляе, што ў траўні 2021 году Ракіцкага выклікалі на допыт. У яго правялі ператрус. Нагодай сталі допісы, якія дыскрэдытуюць рэжым. Ён ня стаў чакаць арышту і выехаў зь Беларусі праз Маскву ў Кіеў.
Ва Ўкраіне Ракіцкі быў валянтэрам грамадзкага аб’яднаньня «Вольная Беларусь», а калі пачалася поўнамаштабная вайна, перабраўся ў Польшчу.
У 2022 годзе Ракіцкі выказаў жаданьне далучыцца да ByPol, але адказу не атрымаў. Толькі ў 2023 годзе Аляксандар Азараў прапанаваў яму ўступіць у арганізацыю.
Паводле Азарава, Ракіцкі прайшоў усе праверкі, акрамя паліграфа. Таму новы супрацоўнік не дапушчаны да сакрэтнай часткі пляну «Перамога» і іншых сакрэтных мерапрыемстваў арганізацыі.
Ракіцкі пра сытуацыю ў Беларусі кажа, што ўзровень рэпрэсіяў дасягнуў такога маштабу, які робіць немагчымымі пратэставыя акцыі. Таму людзі, якія не падтрымліваюць рэжым, павінны знаходзіцца ў бясьпецы і рыхтаваць сябе да «часу Х», калі высьпеюць неабходныя ўмовы, каб «зрынуць злачынны рэжым Лукашэнкі».
Паводле Ракіцкага, зьняволеных за палітыку перасьледуюць маштабна, а таксама сыстэмна ўжываюць катаваньні і знарок ствараюць нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня.
Ракіцкі даводзіў, што ў 2020 годзе супрацоўнікі пракуратуры ацэньвалі гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў як злачынную дзейнасьць. Яны адмаўляліся прадстаўляць дзяржаўнае абвінавачваньне ў працэсах, не давалі санкцый на арышт і іншыя апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы.
Новы супрацоўнік ByPol расказвае, што рэпрэсіі супраць пракурорскіх работнікаў пачаліся з 2020 году і працягваліся даволі доўга.
Склад Генэральнай пракуратуры зьмяніўся мінімум на 70%. А ў навукова-практычным цэнтры з 35 супрацоўнікаў, якія былі ў 2021 годзе, засталося толькі 5 чалавек.
Ракіцкі даводзіў, што генэральны пракурор Андрэй Швед на адной зь леташніх нарадаў заяўляў пра наяўнасьць у пракуратуры вялікай колькасьці здраднікаў.
Ракіцкі расказаў «Нашай ніве», што знаёмы з Андрэем Шведам, які цяпер носіцца з выкрыцьцём злачынстваў, зьвязаных з «генацыдам беларускага народу».
«Нашай ніве» Ракіцкі ахарактарызаваў Шведа як амбітнага, уладалюбнага, кваліфікаванага службоўца: «Ён хоча вярнуць кантроль над вайсковай пракуратурай, Сьледчым камітэтам ды ўсімі міністэрствамі. Каб Генпракуратура стала ключавым гульцом на палітычным полі ў Беларусі пад ягоным кіраўніцтвам».
* * *
ByPol быў створаны былымі сілавікамі ў 2020 годзе. У 2023 годзе ў арганізацыі адбыўся раскол. У выніку частка байполаўцаў стварыла сваю арганізацыю «Белпол».
Паводле словаў кіраўніка ByPol Аляксандра Азарава, большасьць супрацоўнікаў аб’яднаньня непублічныя. Ён кажа, што за 2021–2022 год да абʼяднаньня далучыліся каля 600 чалавек.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».