Ігар Завалей трапіў у Палату прадстаўнікоў ва ўзросьце 33 гадоў. Да 2019-га ён узначальваў Гомельскі абласны камітэт БРСМ. Завалей зьбіраўся балятавацца і на выбарах 2024 году, нават зарэгістраваў ініцыятыўную групу. Але ў канцы сьнежня 2023 зьнік: не абнаўляе сваіх сацыяльных сетак, не выступае ў СМІ. Ды і ў сьпіс кандыдатаў чамусьці ня трапіў. На спробы Свабоды зьвязацца з дэпутатам Ігар Завалей і яго памочнік Андрэй Карась не адказалі.
6 лютага на старонцы дэпутата зьявілася справаздача за 2023 год. Расказваем, што там можна пабачыць.
Выслухаў 71 грамадзяніна, пашырыў межы могілак
У сваёй справаздачы дэпутат піша аб працы над зьменамі ў заканадаўстве. Гаворыць, што ўзяў удзел у падрыхтоўцы чатырох законаў — пра “ўсебеларускі сход”, палітычныя партыі, пра сям’ю і пра фінансавую дапамогу на дзяцей.
Аб працы ў акрузе Ігар Завалей даў больш разгорнутую справаздачу. Ён паведаміў, што за год правёў 19 асабістых прыёмаў, дзе выслухаў 71 «грамадзяніна і юрыдычную асобу». 25 разоў дэпутат выступаў у працоўных калектывах, 91 раз выступіў у СМІ. І 35 разоў удзельнічаў у маніторынгу цэнаў у крамах.
У свае дасягненьні за 2023 год Ігар Завалей запісаў:
- асфальтавае пакрыцьцё ў прыгарадзе Гомля, на дваровай тэрыторыі пасёлка Чонкі;
- пашырэньне межаў могілак;
- асфальт паміж вёскамі Гомельскага раёну;
- новую фэрму ў вёсцы Чарацянка на тысячу галоў;
- рамонт у вясковых амбуляторыях;
- будаўніцтва фэрмы ў вёсцы Леніна;
- капітальны рамонт дамоў;
- рэканструкцыю школы ў Добрушы.
Што пра гэтыя падзеі расказвалі дзяржаўныя СМІ
Асфальт у двары пасёлка. Жыхары пасёлка Чонкі шмат разоў пісалі скаргі, бо пасьля дажджоў у іх дварах стаяла вада. Урэшце ўлетку 2023 году мясцовая ўлада ўзялася за справу і выправіла сытуацыю. Намесьніца старшыні Гомельскага райвыканкаму Валерыя Шаціла расказала выданьню «Маяк», што вада стаяла з прычыны «дэфэктаў пакрыцьця».
«Дваровая тэрыторыя сапраўды мела патрэбу ў рамонце. Цяпер пры падтрымцы раённага бюджэту праводзяцца работы ў замене асфальтавага пакрыцьця», — зазначыла чыноўніца.
Пра датычнасьць да вырашэньня праблемы дэпутата Завалея ў дзяржаўных СМІ згадак няма.
Новы асфальт паміж вёскамі. Пакрыцьцё дарогі паміж вёскамі Макаўе і Грабаўка Гомельскага раёну абнаўлялі дарожныя службы, яно было плянавым. Выконвалася за кошт рэспубліканскага бюджэту. У публікацыях дзяржаўных СМІ таксама ня згадваецца роля дэпутата ў гэтым.
Фэрма на тысячу галоў. Яе пабудавалі ў вёсцы Чарацянка, адкрывалі з вялікай помпай. Ва ўрачыстай цырымоніі браў удзел старшыня Гомельскага аблвыканкаму Ігар Крупко, іншыя чыноўнікі большага і меншага калібру.
Як і ў папярэдніх выпадках, у матэрыялах дзяржаўных выданьняў («СБ. Беларусь сегодня», «Гомельская правда», «Маяк». – РС) пра ўдзел у будаўніцтве Ігара Завалея згадак няма. Ня клікалі яго і на ўрачысты момант пераразаньня чырвонай стужкі.
Будаўніцтва фэрмы ў вёсцы Леніна. У вёсцы Леніна збудавалі фэрму ААТ «Завідаўскае». У рэпартажах дзяржаўных выданьняў адзначаецца роля ПА «Беларуснафта» — прадпрыемства выдзеліла гаспадарцы 400 тысяч рублёў на закупку 54 цялят для фэрмы.
ААТ «Завідаўскае» за свае сродкі купіла тры трактары «Беларус». Як і ў папярэдніх выпадках, роля дэпутата Завалея ў адкрыцьці фэрмы не згаданая. Не было яго і на пераразаньні чырвонай стужкі.
Рэканструкцыя школы ў Добрушы. Абнаўленьне школы №2 ідзе некалькі гадоў. У 2021-м тут умацавалі пэўныя блёкі, «другое жыцьцё» атрымалі спартовыя і актавыя залі, бібліятэка. Адрамантавалі сталоўку. Але «пытаньні ў фінансаваньні заставаліся».
Старшыня Добрускага райвыканкаму Руслан Сікоркі адзначаў дапамогу старшыні аблвыканкаму Івана Крупко, бо «дзякуючы выдзеленым з абласнога бюджэту сродкам будынак удалося цалкам адрамантаваць».
Пра Ігара Завалея чыноўнікі зноў не згадалі.
Пашырэньне межаў могілак у Чонках. Як стала вядома Свабодзе, будаўніцтва ля могілак у Чонках сапраўды ідзе. Насупраць старых сельскіх могілак там будуюць новыя гарадзкія для Гомля. Адбываецца гэта за кошт бюджэту, улады плянавалі патраціць каля 5,9 мільёна рублёў. Роля дэпутата Завалея ў будаўніцтве застаецца невядомай, дзяржаўныя СМІ пра яго ня згадваюць.
Якімі дасягненьнямі хваляцца іншыя дэпутаты ПП НС
Дэпутатка ад Хойніцкай акругі Жанна Чарняўская сёлета зноў балятуецца ў парлямэнт. Пра сваю дзейнасьць яна расказала нараўлянскай раённай газэце.
Сярод дасягненьняў дэпутаткі, у тым ліку, «прыбіраньне могілак у зоне адчужэньня ў Нараўлянскім раёне», «вырашэньне праблемы атрыманьня грамадзянства для ўкраінскай сям’і», выразаньне аварыйных дрэваў на могілках у трох раёнах.
«Аказвала дапамогу ў добраўпарадкаваньні могілак у вёсках» і дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Барысава Лілія Ананіч.
Дэпутат ад Сьветлагорску Ігар Таўтын, апроч працы ў зьмяненьні законаў, дапамагаў і жыхарам сваёй акругі. Напрыклад, працаваў са зваротам грамадзянкі, якая скардзілася на перабоі ў працы ліфта («Зварот задаволены»).
Сталічнкая дэпутатка Марына Шкроб у сваёй справаздачы адзначыла, што праводзіла падтрымку і прапаганду сямейных каштоўнасьцяў, удзельнічала ў праграме СТВ «Точки над і» «у праблемах чайлдфры».
Дэпутатка ад Віцебску Тацяна Аўтухова пералічыла свае дасягненьні за год на некалькіх старонках. У тым ліку такія, як «добраўпарадкаваньне былога выязнога знаку ў горад Віцебск каля дому №19 па вуліцы Броўкі» і «публікацыя пазыцыі, якая тычыцца інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі ўкраінскай журналістцы Дзіяне Панчанцы».