Улады Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Разам з журналістамі з украінскага расьсьледніцкага праекту «Схемы», Свабодзе ўдалося зьвязацца з тымі самымі дзецьмі, якіх прывозілі ў Беларусь, а пасьля вярнулі назад у акупаваныя Марыюпаль і Лісічанск.
Агулам Свабодзе вядомыя імёны паўсотні такіх дзяцей.
З дапамогай «Кібэрпартызанаў», якія далі Свабодзе доступ да ўнутранай перапіскі Беларускага Чырвонага Крыжа, а таксама пасьля аналізу прапагандысцкіх сюжэтаў мы расказваем, як Беларусь стала адным з цэнтраў так званага «перавыхаваньня» ўкраінцаў у ляяльных акупацыйнай расейскай уладзе грамадзянаў, і як Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі спрабуюць «адбяліць» ваенныя злачынствы Расеі і даюць дзецям цукеркі ў надзеі зьмяніць іхны погляд на сьвет:
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх прызналі адказнымі за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і іх незаконнае перамяшчэньне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расеі.
- ПАРЭ 27 красавіка 2023 году прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- Дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца прыцягненьня да адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.
- Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны расьсьледуецца ў рамках крымінальнай справы, якую завяла пракуратура Ўкраіны.
- Паводле зьвестак упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінца на пачатак сьнежня, сама меней 19 546 украінскіх дзяцей былі незаконна дэпартаваныя ў Расейскую Фэдэрацыю. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра больш як 700 тысяч вывезеных дзяцей.