Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз «саюзную дзяржаву» Расея зможа мабілізоўваць беларусаў, — аналітык ISW


Каляж: аналітык амэрыканскага Інстытуту дасьледаваньня вайны Кацярына Сьцепаненка
Каляж: аналітык амэрыканскага Інстытуту дасьледаваньня вайны Кацярына Сьцепаненка

Аналітык амэрыканскага Інстытуту дасьледаваньня вайны Кацярына Сьцепаненка расказвае пра магчымую ролю ядзернай зброі ў Беларусі для расейскай стратэгіі ва Ўкраіне і пра тое, што можа зрабіць Крэмль, каб скарыстаць беларусаў для вайны.

Сьцісла:

  • Расейцы ўжо вядуць настолькі вялікую наступальную апэрацыю, наколькі могуць.
  • Здольнасьць украінцаў весьці маштабныя манэўраныя баявыя дзеяньні будзе залежаць ад заходняй вайсковай дапамогі Ўкраіне.
  • Наступ з тэрыторыі Беларусі застаецца малаімаверным. Таксама малаімаверны і непасрэдны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях. Найперш таму, што Лукашэнка ведае: толькі з дапамогай вайсковай сілы ён можа захоўваць свой рэжым.
  • Заявы пра ядзерную зброю ў Беларусі напалохалі некаторых заходніх палітыкаў пэрспэктывай ядзернай эскаляцыі і запаволілі перадачу Ўкраіне вайсковай дапамогі.
  • Блякаваньне заходняй дапамогі Ўкраіне патэнцыйна можа прывесьці да паразы Ўкраіны на фронце.
  • Крэмль будзе працягваць сваю кампанію па фактычнай анэксіі Беларусі. Пытаньне, наколькі юрыдычная інтэграцыя ўнутры «саюзнай дзяржавы» можа паўплываць на беларускі закон аб прызыве на вайсковую службу і наколькі гэта можа дазволіць расейскім войскам прызываць ці мабілізоўваць беларускіх мужчын у расейскія ўзброеныя сілы.

— Калі параўнаць тое, што адбываецца на фронце цяпер, і тое, што адбывалася год таму, якія вы бачыце галоўныя зьмены?

— Мне здаецца, што ў пляне расейскіх прыярытэтаў і расейскіх наступальных апэрацыяў захоўваецца вельмі падобная схема, калі параўноўваць мінулы год з гэтым. Да прыкладу, расейскія сілы працягваюць свае наступальныя апэрацыі ў кірунку Купянску і Ліману. Гэта той сэктар на лініі фронту, дзе расейцы спрабавалі прасунуцца і летась.

Таксама расейскія сілы працягваюць наступальныя апэрацыі на Бахмуцкім кірунку, спрабуючы прасунуцца да наступнага вялікага населенага пункту ў гэтым раёне — Часавага Яру.

Нядаўна расейскія сілы вымусілі ўкраінскія войскі сысьці з Аўдзееўкі — гэта той участак фронту, на які яны час ад часу заходзілі ў мінулым годзе. Пачынаючы ад кастрычніка 2023 году яны ўрэшце здолелі пачаць наступальную апэрацыю, падчас якой панесьлі вялікія страты.

Калі гаварыць пра розьніцу зь мінулым годам, расейскія сілы спрабуюць вярнуць сабе пазыцыі на захадзе Запароскай вобласьці, працягваючы атакі каля паселішча Рабоціна. Апошнімі днямі баі на гэтым участку ўзмацніліся. Але агулам на лініі фронту ў Запароскай вобласьці адбылося адносна мала зьменаў, пачынаючы з таго часу, калі ўкраінскія сілы не змаглі там дасягнуць посьпеху падчас сваёй спробы контранаступу.

І апошняе ў гэтым сьпісе, але не апошняе па важнасьці, — гэта спробы расейскіх сілаў атакаваць пазыцыі ўкраінскіх сілаў на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласьці. Летась такога не было. Гэтыя пазыцыі зьявіліся пасьля пасьпяховага контранаступу ў 2022 годзе.

— Ці чакаеце вы, што расейцы альбо ўкраінцы сёлета пачнуць маштабную наступальную апэрацыю?

— Расейцы ўжо вядуць настолькі вялікую наступальную апэрацыю, наколькі могуць, калі ўлічыць структуру іх рэзэрваў і баявых сілаў, а таксама іх рэсурсы — маецца на ўвазе вайсковая тэхніка. Цяпер мы назіраем спробу значнага наступу з боку расейцаў, і яны гэта рабілі і ў мінулыя зімовыя сэзоны.

Калі гаварыць пра здольнасьць украінцаў весьці маштабныя манэўраныя баявыя дзеяньні, дык гэта ў значнай ступені будзе залежаць ад заходняй вайсковай дапамогі Ўкраіне. Я лічу, што ўкраінцы цяпер вымушаныя пакідаць частку сваёй тэрыторыі ў Данецкай вобласьці і адыходзіць на больш спрыяльныя пазыцыі проста таму, што ім даводзіцца эканоміць боепрыпасы і ўдарныя сілы, бо сытуацыя з заходняй дапамогай нявызначаная.

— Калі мы размаўлялі з вашым калегам спадаром Бэрасам прыкладна год таму, былі чаканьні маштабнага ўкраінскага контранаступу, і ён тады сказаў, што посьпех будзе вельмі моцна залежаць ад вайсковых паставак з заходніх краінаў. Ці можна сказаць, што гэтая дапамога была неадпаведная для такой спробы контранаступу?

— Так, я лічу, што адна з асноўных прычынаў, чаму ўкраінскі контранаступ ня здолеў дасягнуць сваіх мэтаў, была ў тым, што заходняя дапамога прыходзіла альбо запозна, альбо ў недастатковай колькасьці.

Да прыкладу, украінскія вайскоўцы заклікалі даць ім армейскія тактычныя ракетныя комплексы (ATACMS) задоўга да пачатку контранаступу. Але яны здолелі атрымаць нейкую колькасьць такіх комплексаў толькі пад канец апэрацыі, у жніўні і ўвосень 2023 году. Гэта, вядома ж запаволіла магчымасьці ўкраінцаў наносіць удары і разбураць расейскія лініі забесьпячэньня далей ад лініі фронту.

Акрамя таго, украінскі бок агучыў патрэбу ў нейкай колькасьці машынаў для разьмінаваньня, каб весьці наступ на захадзе Запароскай вобласьці. Але, паводле некаторых ацэнак, было атрымана толькі каля 20% мінных тральшчыкаў, які былі патрэбныя, каб прасоўвацца на ўзмоцненыя і моцна замінаваныя пазыцыі, якія расейцы абсталёўвалі з 2022-га году.

Таму — так, заходняя вайсковая дапамога мае ключавое значэньне для здольнасьці ўкраінскіх войскаў весьці мэханізаваныя баявыя дзеяньні. А своечасовасьць такой дапамогі надзвычай важная ня толькі для здольнасьці Ўкраіны весьці наступальныя апэрацыі, але і для таго, каб утрымліваць цяперашнюю лінію фронту і свае абарончыя пазыцыі.

— Ці чакаеце вы ў будучыні ад Расеі новых спробаў весьці наземныя наступальныя апэрацыі з тэрыторыі Беларусі?

— Мы працягваем аналізаваць такую магчымасьць — і наступ з тэрыторыі Беларусі застаецца малаімаверным. У асноўным таму, што расейцам было б праблематычна стварыць для гэтага патрэбныя лініі забесьпячэньня, а таксама таму, што значная частка расейскіх вайсковых рэзэрваў цяпер знаходзіцца блізка ад лініі фронту на тэрыторыі Ўкраіны. Таму цяпер наступ зь Беларусі выглядае малаімаверным.

— А як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што беларускія войскі будуць непасрэдна ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях супраць Украіны?

— Мы па-ранейшаму лічым малаімаверным, што Расея будзе мець дастаткова палітычнай моцы, каб прымусіць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку пачаць уварваньне ва Ўкраіну і скарыстаць свае ўзброеныя сілы для нападу на Ўкраіну. Найперш таму, што Лукашэнка ведае: толькі з дапамогай ваеннай сілы ён можа захоўваць свой рэжым.

Мы ўжо бачылі, што ён выкарыстоўваў узброеныя сілы, каб здушыць пратэсты ў 2020 годзе. Таму любое іншае выкарыстаньне гэтай вайсковай сілы Лукашэнкам можа быць пагрозай для ягонага рэжыму. Ён вельмі добра ўсьведамляе гэты факт.

Другі аспэкт гэтага ў тым, што Беларусь мае невялікія ўзброеныя сілы. Наколькі я памятаю, яны складаюцца з шасьці брыгадаў, а гэтага недастаткова, каб весьці нейкі значны наступ на Ўкраіну, асабліва калі ўзяць пад увагу ўкраінскія абарончыя ўмацаваньні на поўначы, якія былі створаныя пасьля таго, як расейцы зладзілі наступ на Кіеў.

Больш імаверна, што Расея працягне выкарыстоўваць Беларусь для падрыхтоўкі сваіх вайскоўцаў. Выкарыстоўваць беларускіх вайскоўцаў для навучаньня сваіх прызыўнікоў, сваіх добраахвотнікаў і патэнцыйна будучых мабілізаваных, калі будзе абвешчана новая мабілізацыя. Але агулам малаімаверна, што беларускія вайскоўцы будуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях у агляднай будучыні.

— У мінулым годзе прагучалі палітычныя заявы, што Расея разьмесьціць сваю тактычную ядзерную зброю на беларускай тэрыторыі. З такімі заявамі выступалі і Лукашэнка, і Пуцін. Ці ёсьць пацьверджаньне, што гэтая ядзерная зброя ўжо разьмешчаная ў Беларусі, і ці зьяўляецца яна, на вашую думку, фактарам у расейскай вайне ва Ўкраіне?

— Абвяшчэньне таго, што расейская тактычная ядзерная зброя будзе зноў разьмешчаная ў Беларусі, фундамэнтальна не мяняе разьлікаў NATO альбо Ўкраіны. Проста таму, што Расея заўсёды мела магчымасьць удару з Калінінградзкай вобласьці. Таму гэта фундамэнтальна не памяняла ядзернай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе.

Аднак гэтыя заявы пра ядзерную зброю далі значны інфармацыйны эфэкт для Пуціна. Гэта якраз тое, чаго ён хацеў дасягнуць, асабліва калі ўзяць пад увагу тэрміны леташняга ўкраінскага контранаступу. Калі паглядзець на час, калі абодва лідэры абвясьцілі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі, гэта адбылося якраз перад контранаступам.

І гэта сапраўды напалохала некаторых заходніх палітыкаў пэрспэктывай ядзернай эскаляцыі і запаволіла перадачу Ўкраіне вайсковай дапамогі, якая была патрэбная для контранаступу. Хоць у стратэгічным сэнсе гэта мала што мяняла.

Наша арганізацыя ня бачыць нейкіх сьведчаньняў, што гэтая зброя ўжо разьмешчаная ў Беларусі. Аднак ёсьць некаторыя арганізацыі і экспэрты, якія зьбіраюць выведную інфармацыю з адкрытых крыніцаў і якія зрабілі дапушчэньні, што сродкі нанясеньня ядзернага ўдару могуць быць ужо разьмешчаныя на аэрадромах у Баранавічах ці ў Лідзе. З нашага боку гэта не пацьверджана.

Але я б яшчэ хацела зьвярнуць увагу аўдыторыі на тое, што расейцы здолелі паўплываць на ўлады Беларусі, каб тыя зьмянілі беларускую Канстытуцыю і памянялі бязьядзерны статус Беларусі на фактычна ядзерны статус. Гэта значная зьмена, і гэта значная пагроза для сувэрэнітэту беларускай дзяржавы. Бо любая здольнасьць Расеі дыктаваць, як павінна выглядаць беларуская Канстытуцыя, гэта ўжо вялікая праблема для беларускага сувэрэнітэту, і гэта вядзе да далейшай інтэграцыі ў «саюзную дзяржаву».

— Калі вярнуцца да паставак заходняй вайсковай дапамогі Ўкраіне — ужо доўга абмяркоўваюцца пастаўкі самалётаў-зьнішчальнікаў F-16. Днямі я прачытаў ва ўкраінскай прэсе, што першыя такія самалёты маюць быць ва Ўкраіне да чэрвеня. Паводле вашых ацэнак, калі гэтыя самалёты будуць выкарыстоўвацца ў баявых дзеяньнях і ці акажа гэта істотны ўплыў на хаду вайны?

— Мы заўсёды падкрэсьліваем, што няма нейкага аднаго чароўнага кроку, які б дапамог Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Гэта мае быць камбінацыя дзеяньняў украінскага боку і заходніх партнэраў, які дапамагаюць Украіне, каб аднавіць здольнасьці да манэўраных баявых дзеяньняў на фронце.

Пастаўкі F-16 — гэта цудоўная рэч для Ўкраіны. Відавочна, што гэта ня толькі дазволіць украінцам узмацніць свой патэнцыял супрацьпаветранай абароны, але і выкарыстоўваць іх на фронце і наносіць удары па лягістычных лініях расейцаў у тыле. Усё гэта істотна для Ўкраіны, каб аднавіць манэўраныя баявыя дзеяньні на фронце.

Калі гаварыць пра тое, калі адбудуцца пастаўкі і як хутка ўкраінцы скіруюць іх на фронт, відавочна, што гэта больш пытаньне да ўкраінскага вайсковага камандаваньня. Пастаўкі залежаць і ад заходніх палітыкаў, і ад здольнасьці ўкраінцаў прыняць самалёты F-16. Для гэтага трэба мець інфраструктуру, падрыхтаваных пілётаў. І цяпер многія заходнія краіны ладзяць навучаньне ўкраінскіх лётчыкаў.

— Ці бачыце вы нейкія пільныя патрэбы ўкраінскіх войскаў, якія цяпер не пакрываюцца заходнімі пастаўкамі?

— Так, вядома ж. F-16 — гэта важны элемэнт гэтых патрэбаў. Украіне патрэбныя стабільныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны канкрэтна на фронце.

Другі момант — гэта боепрыпасы. Мы бачым шмат паведамленьняў пра тое, што ўкраінцам не хапае боепрыпасаў. А боепрыпасы — гэта важны кампанэнт для здольнасьці ўкраінцаў утрымліваць цяперашнія пазыцыі.

Таксама трэба дадатковыя пастаўкі супрацьтанкавых сыстэмаў. Такія сыстэмы адыгралі важную ролю ў здольнасьці ўкраінцаў адбіваць расейскія мэханізаваныя манэўраныя дзеяньні.

Украіне таксама трэба сродкі для ўдараў на вялікую адлегласьць — такія як армейскія тактычныя ракетныя комплексы (ATACMS). Адміністрацыя ЗША рабіла сыгналы пра гатоўнасьць зрабіць такія пастаўкі, калі Кангрэс прыме законапраект пра заходнюю дапамогу Ўкраіне.

Усе гэтыя кампанэнты адыграюць значную ролю ў рашэньнях Украіны наконт таго, пачынаць наступальную апэрацыю ці не.

— Вы ўжо згадалі сытуацыю ў Кангрэсе ЗША, дзе законапраект аб дапамозе адкладаецца на істотны час. Які найгоршы сцэнар вы разглядаеце, калі гэты законапраект ня прымуць цягам некалькіх наступных месяцаў? Да чаго гэта можа прывесьці?

— Гэта патэнцыйна можа прывесьці да паразы Ўкраіны на фронце. У больш мяккіх варыянтах гэта можа прывесьці да страты Ўкраінай дадатковых тэрыторый там, дзе цяпер ідуць актыўныя баявыя дзеяньні. У найгоршай сытуацыі, калі Ўкраіна ня будзе атрымліваць стабільнага доступу да заходняй вайсковай дапамогі, гэта можа прывесьці да няздольнасьці Ўкраіны перамагчы ў гэтай вайне.

Гэта вельмі цяжкая сытуацыя. Мы назіраем самаабмежаваньні на пастаўкі з боку заходніх краінаў. І Ўкраіне, вядома ж, спатрэбіцца дадатковая дапамога ня толькі на гэты час, але ў далейшай пэрспэктыве. Спатрэбяцца доўгатэрміновыя высілкі Захаду ў пастаўках дапамогі для Ўкраіны і навучаньні ўкраінскіх вайскоўцаў у будучыні.

— Наколькі расейцы павялічылі сваю здольнасьць вырабляць боепрыпасы і вайсковую тэхніку за апошнія два гады? І ці бачыце вы нейкія шанцы, што Расея будзе мець недахоп боепрыпасаў альбо тэхнікі, які істотна абмяжуе яе здольнасьць весьці вайну?

— Расейцы відавочна спрабуюць палепшыць свой патэнцыял вытворчасьці боепрыпасаў і ракет, вытворчасьці і мадэрнізацыі танкаў. Яны спрабуюць павялічыць вытворчасьць для свайго вайскова-прамысловага комплексу. Яны здолелі пасьпяхова забясьпечыць дастатковы ўзровень вайсковай тэхнікі, каб захаваць цяперашні тэмп вядзеньня вайны.

Мы цяпер гаворым не пра магчымасьць наступу на Кіеў, а пра здольнасьць ладзіць некалькі лякальных наступальных апэрацый — у раёне Купянску, Аўдзееўкі, Бахмуту, Рабоціна. Яны вырабляюць дастаткова, каб падтрымаць такія магчымасьці.

І яны таксама маюць дастаткова патэнцыялу, каб аднаўляць колькасьць боепрыпасаў, якімі яны абстрэльваюць украінскую тэрыторыю — «Шахедаў» і ракетаў, якія яны выкарыстоўваюць на фронце.

Асноўная праблема, зь якой сутыкаюцца расейцы, — гэта тое, што ім не хапае кадраў для вайскова-прамысловага комплексу. А таксама яны сутыкаюцца з санкцыямі, якія яны спрабуюць абысьці празь іншыя краіны — праз краіны Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу — каб вырабляць больш складаную вайсковую тэхніку.

Мы бачым, што расейцы надаюць прыярытэт мадэрнізацыі савецкай тэхнікі, а не вытворчасьці новай тэхнікі з нуля. Імаверна, што гэта таксама адбываецца ў выніку абыходу санкцый. Гэта асноўныя тэндэнцыі, якія мы цяпер бачым у расейскай вытворчасьці.

— На мінулым тыдні ў Вашынгтоне адбыўся брыфінг Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, дзе казалі, што расейцы даволі пасьпяхова абыходзяць санкцыі і што Кітай усё больш пастаўляе тэхналёгіі для вайсковай тэхнікі. Ці пагодзіцеся вы з такой ацэнкай?

— Так, я згодная, што расейцы палепшылі свае схемы абыходу санкцый. Яны шчыльна супрацоўнічаюць з Кітаем, з Іранам. Яны таксама выкарыстоўваюць цэнтральнаазіяцкія краіны, каб абысьці некаторыя тэхнічныя аспэкты санкцый.

Я ня ведаю наконт Кітаю і вайсковай тэхнікі, таму я не магу гэта адэкватна ацаніць. У мінулым мы бачылі паведамленьні, што Кітай пастаўляе камэрцыйныя неваенныя тэхналягічныя кампанэнты, які расейцы могуць скарыстаць для вайсковай тэхнікі. Да прыкладу, камэрцыйныя дроны, якія расейцы могуць ператварыць у зброю. Аднак я не магу гаварыць пра Кітай і ўласна пра ягоныя пастаўкі вайсковай тэхнікі Расеі.

— Так, дзякуй, асноўная думка на брыфінгу была ў тым, што Кітай пастаўляе тэхналёгіі, якія можна скарыстаць у ваенных мэтах, а не наўпрост пастаўляе вайсковую тэхніку.

Вы былі адным з аўтараў артыкула, які нядаўна выйшаў на сайце ISW, дзе апісваюцца магчымыя нэгатыўныя сцэнары, у тым ліку параза Ўкраіны ў цяперашняй вайне і тое, да чаго гэта можа прывесьці. Наколькі імавернымі вы бачыце гэтыя сцэнары для блізкай будучыні? Ці чакаеце вы, што пастаўкі заходняй вайсковай дапамогі Ўкраіне будуць працягвацца на цяперашнім узроўні, ці верагодна, што яны павялічацца, ці бачыце вы вялікую небясьпеку, што цягам наступнага году Захад апануе стома і вайсковая дапамога Ўкраіне скароціцца?

— Наколькі я разумею, вы гаворыце пра артыкул «Высокая цана страты Ўкраіны». Гэта ацэнка таго, як можа выглядаць сьвет цягам наступнага дзесяцігодзьдзя ці нават цягам наступнай пары гадоў. Што расейцы могуць зрабіць, выкарыстоўваючы досьвед вайны ва Ўкраіне, а таксама выкарыстоўваючы ўкраінскую тэрыторыю, каб пагражаць NATO і Захаду?

Безумоўна, гэта тычыцца будучыні, але падмурак для гэтага закладаецца цяпер. Падмурак, які будуюць расейцы, гэта, па сутнасьці, прэлюдыя да таго, што яны могуць паспрабаваць зрабіць у будучыні.

Імавернасьць гэтых сцэнараў насамрэч залежыць ад мноства фактараў. Як я ўжо сказала, гэта працяг заходняй дапамогі, здольнасьць украінцаў забясьпечыць войска на фронце кадрамі, а таксама агульная абазнанасьць Захаду ў расейскіх інфармацыйных апэрацыях, якія скіраваныя на тое, каб адахвоціць Захад ад далейшай падтрымкі Ўкраіны. Усе гэтыя фактары адыгрываюць сваю ролю.

Мы таксама ведаем яшчэ некалькі фактараў. Першы ў тым, што расейцы спрабуюць правесьці доўгатэрміновыя вайсковыя рэформы да 2026 году, дзе мэта — аднавіць Маскоўскую і Ленінградзкую вайсковыя акругі. Гэта канкрэтна скіравана супраць NATO.

Расейцы таксама будуюць новыя вайсковыя часткі, якія цяпер ваююць ва Ўкраіне. Яны спрабуюць іх рэфармаваць, і патэнцыйна іх можна скарыстаць, каб пагражаць заходнім пазыцыям. Таксама расейцы патэнцыйна могуць скарыстаць свае сыстэмы супрацьпаветранай абароны, якія прасоўваюцца на акупаваных тэрыторыях, супраць сфэры ўплыву NATO.

Мы павінны зьвяртаць увагу на ўсе гэтыя фактары ў агульнай карціне, калі задаемся пытаньнем, чаму трэба падтрымліваць Украіну. Доўгатэрміновая палітыка падтрымкі Ўкраіны, якую мы маем цяпер, можа абмежаваць здольнасьць Расеі выкарыстоўваць свой баявы досьвед для шырэйшай агрэсіі супраць краінаў NATO.

— У тым самым артыкуле, пра які мы размаўляем, вы апісваеце, як у выпадку перамогі ва Ўкраіне Расея можа фактычна паглынуць Беларусь і разьмясьціць там некалькі вялікіх вайсковых злучэньняў. А якой вы бачыце сытуацыю для Беларусі, калі вайна будзе працягвацца некалькі наступных гадоў бязь нейкага яснага разьвязаньня?

— Я думаю, што Крэмль будзе працягваць сваю кампанію фактычнай анэксіі Беларусі. Ён будзе прасоўваць свае мэты ў пабудове саюзнай дзяржавы. Гэта значна ўзмацнілася пасьля 2020 году, верагодна, у абмен на стабільнасьць рэжыму Лукашэнкі.

Мы бачым, што вайна дапамагла Пуціну прасунуцца да некаторых мэтаў саюзнай дзяржавы, чаго ён ня мог дасягнуць у мінулым. Да прыкладу, разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта вельмі значны фактар у гэтым.

Гэта няспынная праблема, бо Лукашэнка, па сутнасьці, прымае некаторыя кампанэнты саюзнай дзяржавы ў абмен на тое, што ягоныя войскі ня пойдуць на фронт ва Ўкраіне. Нават калі ва Ўкраіне будзе працягвацца вайна, Крэмль будзе выкарыстоўваць гэты час для фактычнай анэксіі Беларусі неўзабаве.

Гэта тое, што павінна хваляваць Захад. Мне здаецца, часам забываюцца пра тое, што Расея ўжо мае значны ўплыў на шэраг фактараў унутры Беларусі.

І яшчэ адна рэч, на якую я хацела б зьвярнуць увагу і якой мы заклапочаныя. Пытаньне, наколькі юрыдычная інтэграцыя ўнутры саюзнай дзяржавы можа паўплываць на беларускі закон аб прызыве на вайсковую службу і наколькі гэта можа дазволіць расейскім войскам прызываць ці мабілізоўваць беларускіх мужчын у расейскія ўзброеныя сілы.

Калі «саюзная дзяржава» будзе прасоўвацца, ці ня можа Расея скарыстацца беларускімі чалавечымі рэзэрвамі для працягу вайны ва Ўкраіне? Мы пакуль вывучаем гэтае пытаньне, але яно выклікае вялікую заклапочанасьць у сэнсе юрыдычнай інтэграцыі «саюзнай дзяржавы».

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG