У Кіеве памёр Герой Украіны, суаўтар Канстытуцыі незалежнай Украіны, праваабаронца, савецкі дысыдэнт і дэпутат трох скліканьняў Вярхоўнай Рады Сьцяпан Хмара.
«Не хачу ў гэта паверыць, не хачу пра гэта пісаць. Мой самы дарагі ў сьвеце муж памёр. Усё. Мы рабілі ўсё, што маглі, і нават больш. Мы так хацелі, каб ён быў з нам і калі абвесьцяць пра нашу перамогу. Я так хацела бачыць ягоны шчасьлівы твар, яго цудоўны твар. Бо ён быў прыгожым нават у свае 86», — паведаміла жонка палітыка Раксалана Хмара на сваёй старонцы ў Facebook.
Сьцяпан Хмара нарадзіўся ў Львоўскай вобласьці, атрымаў мэдычную вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці стаматоляг. У 1980-я гады ўдзельнічаў у выданьні падпольнага часопіса і займаўся яго распаўсюдам. Яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Калі ён выйшаў на волю, то далучыўся да аднаўленьня ўкраінскай Хельсынскай групы, удзельнічаў у руху легалізацыі Украінскай грэка-каталіцкай царквы. У 1990-м удзельнічаў у Рэвалюцыі на граніце, а потым у Аранжавай і Рэвалюцыі годнасьці.
У 2020 годзе заявіў аб сваёй салідарнасьці зь беларусамі, якія выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбраў. Сьцяпан Хмара таксама прыходзіў да беларускай амбасады ў Кіеве, каб падтрымаць акцыі, якія ладзілі беларусы, што выехалі ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу ў Беларусі.
Сьцяпан Хмара таксама падпісаў пэтыцыю, у якой патрабавалі спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі, тэрмінова вызваліць з-пад арышту ўсіх затрыманых, прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў сілавых структур за гвалт супраць мірных грамадзян. Гэтую пэтыцыю плянавалі перадаць беларускім дыпляматам.
«Я прыйшоў на знак салідарнасьці падтрымаць нашых беларускіх братоў і выказаць сваё абурэньне і пратэст супраць сваволі рэжыму Лукашэнкі і асабліва супраць учорашняга брутальнага пагрому мірных дэманстрантаў», — адзначыў тады Сьцяпан Хмара ў інтэрвію Свабодзе.