Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася інфармацыя пра сьмерць расейскага блогера, які напісаў пра вялікія страты РФ пры захопе Аўдзееўкі


Парэшткі расейскіх салдатаў у Луганскай вобласьці
Парэшткі расейскіх салдатаў у Луганскай вобласьці

Расейскі вайсковец, які вёў свой блог, як мяркуецца, забіў сябе.

Сябры расейскага блогера Аляксандра Марозава, які ваяваў у складзе баевікоў луганскіх сэпаратыстаў, а затым расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне з 2014 году, паведамілі аб яго самагубстве.

Перад гэтым вайсковец раней паведаміў, што пры захопе Аўдзееўкі расейскае войска магло страціць 16 тысяч чалавек забітымі. Як напісана ў адным зь ягоных апошніх пастоў у Telegram, гэты запіс яго прымусіла выдаліць начальства.

Марозаў — блогер-сталініст, вядомы ў сярэдзіне 2000-х як «Байцовы кот Мурз». У 2008 годзе ён стаў першым расейскім блогерам, асуджаным паводле экстрэмісцкага артыкулу за публікацыі ў інтэрнэце. Тады за запісы ў сацыяльнай сетцы Livejournal і незаконнае захоўваньне зброі яго пакаралі 3 гадамі калёніі. У траўні 2014 году блогер адправіўся ва Ўкраіну ваяваць у складзе прарасейскіх баевікоў на Данбасе. Трапіць у іх склад яму ўдалося з другой спробы: першы раз яго захапілі і катавалі расейскія казакі ў Луганску.

З 2014 году Марозаў быў афіцэрам сувязі ў адным з падразьдзяленьняў сіл сэпаратыстаў у Луганску. Ён рэгулярна пісаў аб ходзе баявых дзеяньняў у тэлеграм-канале (цяпер у ім каля ста тысяч падпісчыкаў). Ён скардзіўся на высокія страты, некампэтэнтнасьць расейскага вайсковага кіраўніцтва, якое адпраўляе непадрыхтаваныя падразьдзяленьні ў лабавыя атакі, карупцыю і ўтойваньне страт. Гэта прыводзіла да канфліктаў з кіраўніцтвам. Пасьля чарговага зь іх, увосень 2023 году, ён адправіўся на перадавую.

18 лютага Марозаў апублікаваў пост, у якім паведаміў са спасылкай на неназваную крыніцу пра гібель 16 тысяч расейскіх вайскоўцаў у баях за Аўдзееўку з кастрычніка па люты. Украінскае войска пры гэтым арганізавана адступіла, напісаў Марозаў, што супярэчыць афіцыйнай расейскай пазыцыі. Публікацыя выклікала рэзкую крытыку расейскіх праватных блогераў і прапагандыстаў.

20 лютага Марозаў выдаліў пост. У сэрыі апошніх допісаў у Telegram, якая, як мяркуецца, стала ягонай перадсьмяротнай запіскай, ён напісаў, што яго прымусілі гэта зрабіць на загад камандзіра батальёна.

Марозаў, паводле яго, напісаў зварот у вайсковую пракуратуру са скаргай на стан спраў у ягоным палку. У ім, паводле блогера, засталося 30 працэнтаў асабовага складу, астатнія параненыя, забітыя або прапалі бязь вестак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG