Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну празь Беларусь вярнуліся 11 дзяцей, якіх раней вывезьлі ў Расею і акупаваныя рэгіёны


Украіна вярнула 11 дзяцей, якіх вывезьлі ў Расею і акупаваныя РФ рэгіёны Ўкраіны, паведаміў кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

11 украінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 2 да 16 гадоў 20 лютага вярнуліся на радзіму. Пасьля пачатку вайны іх вывезьлі ў Расею і на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, паведаміў Андрэй Ярмак і апублікаваў фота дзяцей.

Узьяднаньне сем’яў адбылося ва ўзаемадзеяньні з упаўнаважаным Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітрыем Лубінцом у рамках праграмы Bring Kids Back UA. Акрамя таго, вяртаньню ўкраінскіх дзяцей садзейнічаў Катар.

Дзяцей прывезьлі на радзіму празь Беларусь, вынікае з заявы дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Напярэдадні яна паведаміла, што дзяцей вывезьлі з Украіны ў Запароскую вобласьць, акупаваныя Марыюпаль, Луганск, Сімфэропаль і расейскі Краснаярск, іх «маршрут назад на радзіму пралягаў празь Беларусь». У сваёй заяве яна падзякавала Памежнаму камітэту Беларусі.

  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх прызналі адказнымі за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і іх незаконнае перамяшчэньне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расеі.
  • ПАРЭ 27 красавіка 2023 году прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • Дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.
  • Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны расьсьледуецца ў рамках крымінальнай справы, якую завяла пракуратура Ўкраіны.
  • Паводле зьвестак упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінца на пачатак сьнежня, сама меней 19 546 украінскіх дзяцей былі незаконна дэпартаваныя ў Расейскую Фэдэрацыю. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра больш як 700 тысяч вывезеных дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG