Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі прыняў рашэньне вывесьці падразьдзяленьні з Аўдзееўкі Данецкай вобласьці, каб выйсьці з акружэньня і захаваць жыцьцё і здароўе вайскоўцаў. Пра гэта генэрал-палкоўнік паведаміў у Facebook.
Сырскі адзначыў, што жыцьцё вайскоўцаў — «найвышэйшая каштоўнасьць». Паводле яго слоў, цяпер прымаюцца захады па стабілізацыі абстаноўкі і ўтрыманьні занятых пазыцый.
«Нашы ваяры годна выканалі вайсковы абавязак, зрабілі ўсё магчымае для зьнішчэньня лепшых расейскіх вайсковых частак, нанесьлі праціўніку значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы», — сказаў Сырскі.
Камандзір апэратыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандар Тарнаўскі паведаміў, што вайскоўцы выйшлі з Аўдзееўкі на загадзя падрыхтаваныя пазыцыі.
«Ва ўмовах, калі праціўнік з перавагай снарадаў дзесяць да аднаго, пад пастаянным абстрэлам, наступае на трупах уласных салдат, гэта адзіна правільнае рашэньне», — дадаў камандзір.
Абарона Аўдзееўкі
13 лютага 110-я асобная мэханізаваная брыгада паведаміла, што ўпершыню амаль за два гады некаторыя яе падразьдзелы будуць выведзеныя з Аўдзееўкі на адпачынак і ратацыю, бо сама брыгада ўжо ня мае дастатковых магчымасьцяў для ўтрыманьня гораду. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што туды прыбыло падмацаваньне.
Так, ужо 15 лютага 3 асобная дэсантна-штурмавая брыгада была тэрмінова перакінутая ў раён Аўдзееўкі. Тады ж стала вядома, што сытуацыя ў горадзе надзвычай крытычная. У 3-й АДШБ адзначылі, што суадносіны сілаў у раёне Аўдзееўкі — адзін да сямі. На адной з пляцовак у Аўдзееўцы расейскія войскі наступалі з усіх бакоў на 360 градусаў. Байцы 3 асобнай дэсантна-штурмавой брыгады прарвалі гэтае кальцо.
Ваенна-камандны пункт «Таўрыя» паведаміў, што ўкраінскія падразьдзелы ў Аўдзееўцы месцамі манэўруюць для адыходу на больш выгадныя пазыцыі. Падчас аднаго з такіх адступленьняў некалькі ўкраінскіх вайскоўцаў трапілі ў палон.
Расейскія войскі шматкроць спрабавалі захапіць Аўдзееўку з самага пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году. Маштабны наступ на яе вёўся з восені 2023 году.
Міністэрства абароны Расеі гаворыць аб тым, што ўкраінскія войскі панесьлі агромністыя страты, якія можна параўнаць з тымі, якія ўкраінцы зазналі ў Бахмуце.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.