«Разам з кіраўніком Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі мы вырашылі хутка мадэрнізаваць памежны плот зь Беларусьсю і выдзелім на гэта адпаведныя сродкі», — заявіў Дональд Туск падчас прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Петэры Орпа.
Прэмʼер-міністар Дональд Туск сказаў, што і Польшча, і Фінляндыя вырашылі ўмацаваць свае зьнешнія межы, каб супрацьстаяць нелегальнай міграцыі. Падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік польскага ўраду паведаміў, што ён разам зь міністрам унутраных спраў Марцінам Кервіньскім вырашылі мадэрнізаваць польскую загароду на мяжы зь Беларусьсю.
«Фінляндыя і Польшча гатовыя супрацоўнічаць дзеля агульнаэўрапейскай жорсткай палітыкі ў дачыненьні да нелегальнай міграцыі. Мяжы з Расеяй і Беларусьсю павінны быць шчыльныя. Наша сёньняшняя сустрэча пацьвердзіла нашу ўзаемную гатоўнасьць вельмі інтэнсіўна працаваць на многіх узроўнях — эўрапейскім, двухбаковым — для павышэньня бясьпекі Фінляндыі, Польшчы, усяго рэгіёну і Эўропы», — сказаў прэмʼер-міністар Туск.
«Межы з Расеяй і Беларусьсю павінны быць шчыльныя. Польшча, Фінляндыя, а таксама краіны Балтыі павінны ўзяць на сябе сумесную адказнасьць за гэта. У гэтым ланцугу ня можа быць слабых зьвёнаў. Мы — Польшча і Фінляндыя — гатовыя падтрымліваць і супрацоўнічаць зь іншымі партнэрамі, каб усходняя мяжа рэальна кантралявалася эфэктыўна. Фактычна ўся паўночная і ўсходняя мяжа Польшчы — гэта тэрыторыі, якія шмат страцілі з прычыны расейскай і беларускай палітыкі і вайны ва Ўкраіне. Перш за ўсё, таму мы будзем працаваць разам зь Фінляндыяй, каб прыцягнуць эўрапейскія фонды для падтрымкі рэгіёнаў, пацярпелых наўпрост і ўскосна ад агрэсіўнай палітыкі нашых усходніх суседзяў у дачыненьні да нас», — прызнаў польскі прэмʼер.
Па словах Дональда Туска, «Фінляндыя і Польшча абсалютна перакананыя, што сёньня ўся Эўропа павінна шматкроць павялічыць свае выдаткі і намаганьні па аднаўленьні абароннай прамысловасьці». Гаворка ідзе аб радыкальным павелічэньні выдаткаў і дзеяньняў у эўрапейскім маштабе.