Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдзееўка на Данбасе зноў стала галоўным эпіцэнтрам жорсткага супрацьстаяньня. Што там адбываецца


Баявыя дзеяньні ў Аўдзееўцы
Баявыя дзеяньні ў Аўдзееўцы

Расея спрабуе захапіць Аўдзееўку з пачатку свайго ўварваньня ў 2022 годзе.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі пра складаную сытуацыю ў Аўдзееўцы, якую расейскія войскі спрабуюць захапіць з восені мінулага году.

«Сілы абароны цягам мінулых содняў адбілі 28 атак ворага ў раёнах Аўдзееўкі, Ластачкіна і яшчэ 5 атак недалёка ад Первамайскага і Невельскага Данецкай вобласьці», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

Аўдзееўка — першы вялікі горад ад Данецку ў кірунку Краматорску і Славянску. За апошні год, паводле мясцовай адміністрацыі, у горадзе не засталося цэлых будынкаў.

«Жорсткія баі ідуць у межах гораду. Для стрымліваньня праціўніка нашы войскі выкарыстоўваюць усе наяўныя сілы і сродкі. Згодна з ухваленым рашэньнем, праводзіцца плянавае ўзмацненьне падразьдзелаў і манэўраваньне войскаў на пагражальных кірунках. Акрамя таго, выдзелены дадатковы рэсурс боепрыпасаў і іншых сродкаў паражэньня», — заявіў у ноч на 16 лютага камандуючы апэратыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Таўрыя» Аляксандар Тарнаўскі.

У 3-й асобнай штурмавой брыгадзе, якую адправілі на ўзмацненьне ўкраінскім вайскоўцам, падзеі ў Аўдзеўцы называюць «пеклам» і канстатуюць: вымушаныя ваяваць на 360 градусаў супраць новых і новых брыгад, якія заводзіць Расея, паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода.

У ЗША назвалі сытуацыю крытычнай: не хапае боепрыпасаў

Дарадца Рады нацыянальнай бясьпекі Белага Дому Джон Кірбі заявіў, што Аўдзееўка знаходзіцца пад пагрозай захопу расейскімі войскамі.

«На ўсходзе Ўкраіны неймаверна інтэнсіўныя баі, асабліва ў Аўдзееўцы. На жаль, мы атрымліваем справаздачы ад украінцаў пра крытычную сытуацыю, калі расейцы працягваюць ціснуць на ўкраінскія пазыцыі штодзень. Аўдзееўка знаходзіцца пад пагрозай пераходу пад расейскі кантроль», — сказаў Джон Кірбі на брыфінгу.

Паводле яго, да такой сытуацыі прывяла нястача артылерыйскіх боепрыпасаў ва ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Расея адпраўляе хваляй за хваляю прызыўнікоў для нападу на ўкраінскія пазыцыі. Паколькі Кангрэс яшчэ не ўхваліў той законапраект, мы ня можам адпраўляць украінцам снарады, якія ім надзвычай патрэбныя, каб перашкодзіць расейскім атакам. Расейскія войскі ўжо падыходзяць да ўкраінскіх акопаў у самой Аўдзееўцы», — заявіў Джон Кірбі.

Раней выданьне The Washington Post з спасылкай на ўкраінскіх вайскоўцаў напісала, што гэта «пытаньне часу», калі ўкраінцы страцяць Аўдзееўку.

Прарасейскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што ўкраінскія вайскоўцы страцілі ў Аўдзееўцы кантроль над шэрагам пазыцый, а расейцы захапілі галоўны ўезд у горад.

Вечарам 15 лютага аналітыкі DeepState канстатавалі, што расейскія войскі прасунуліся на поўначы і поўдні Аўдзееўкі.

Трэцяя асобная штурмавая брыгада Ўзброеных сіл Украіны 15 лютага пацьвердзіла, што яе тэрмінова перадысьлякавалі ў раён Аўдзееўкі.

ISW: захоп Расеяй Аўдзееўкі ня будзе мець апэратыўнага значэньня

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што патэнцыйны захоп Аўдзееўкі Расеяй ня будзе мець апэратыўнага значэньня і, хутчэй за ўсё, дасьць Крамлю толькі «хвілінную інфармацыйную і палітычную перамогу».

«Расейскія сілы вядуць наступальныя апэрацыі па захопе Аўдзееўкі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, і Аўдзееўка зьяўляецца прыкметным абарончым пунктам ва Ўкраіне з моманту расейскага ўварваньня ў 2014 годзе. Расейскія войскі пачалі лякальны наступ з мэтай захопу Аўдзееўкі ў кастрычніку 2023 году і толькі нядаўна пачалі тактычны наступ пасьля некалькіх месяцаў пяхотных нападаў і хваль масаваных мэханізаваных штурмаў, якія дорага каштавалі. Аўдзееўка — невялікі горад з даваенным насельніцтвам каля 31 000 чалавек, якая адкрые расейскім сілам абмежаваныя шляхі нападу ў будучым», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 15 лютага.

У ISW таксама зьвярнулі ўвагу на вялікія страты Расеі ў жывой сіле і тэхніцы ў часе спробаў захапіць Аўдзееўку. Экспэрты мяркуюць, што расейскім войскам спатрэбіцца працяглы пэрыяд аднаўленьня і адпачынку, перш чым спрабаваць далейшыя ўзгодненыя наступальныя дзеяньні ў гэтым раёне.

«Крэмль усё больш жадае хаця б якой перамогі на полі бою перад прэзыдэнцкімі выбарамі і, як паведамляюць, вызначыў цэлі ва Ўкраіне якраз гэтак, каб атрымаць інфармацыйны эфэкт», — мяркуюць экспэрты ISW.

Паводле іх, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, хутчэй за ўсё, будзе спрабаваць прадставіць сваім выбарнікам захоп Аўдзееўкі як «значную перамогу», якая замацоўвае кантроль Расеі над Данецкам.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG