Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пасьпяховае прадпрыемства дакацілася да запісу роліка у TikTok пра нявыплату заробкаў


Прадукцыя ААТ «Белрыба», ілюстрацыйнае фота
Прадукцыя ААТ «Белрыба», ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі камбінату «Сталічны» паскардзіліся на пяцімесячную затрымку заробкаў асабіста Лукашэнку. Яшчэ нядаўна гэтае прадпрыемства належала ягонаму Кіраўніцтву спраў і было найбуйнейшым пастаўшчыком рыбы ў краіну.

Скандал з працяглай нявыплатай заробкаў выліўся ў інфармацыйную прастору Беларусі сёлета 9 лютага, калі супрацоўнікі Рыбакансэрвавага камбінату «Сталічны» зьвярнуліся да Лукашэнкі. У кароткім роліку яны заяўлялі, што грошай ад працадаўцы ня бачаць ужо 5 месяцаў.

Скрыншот зь відэазвароту спрацоўнікаў прыдпрыемства ў TikTok
Скрыншот зь відэазвароту спрацоўнікаў прыдпрыемства ў TikTok

«Людзі ходзяць у лямбарды, здаюць сваё золата, таму што трэба неяк пражыць», — казалі супрацоўнікі прадпрыемства ў звароце.

Пасьля публікацыі відэа ў справу ўмяшаліся сталічныя ўлады, яны ж апублікавалі новы ролік. У ім дырэктар прадпрыемства Андрэй Блахін выбачаўся перад людзьмі.

«Кіраўніцтва арганізацыі прыносіць выбачэньні работнікам за тое, што ўтварылася такая сытуацыя — затрымка заработнай платы», — сказаў у відэа дырэктар.

Як вынікае з інфармацыі прэс-службы Менгарвыканкаму, сталічныя ўлады ведалі пра сытуацыю з заробкамі яшчэ летась.

Пра праблему выказаліся і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Там заявілі, што ўжо аштрафавалі раней дырэктара Блахіна, і гэта часткова дапамагло.

Цяпер рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» — прыватнае прадпрыемства, якое арандуе плошчу і абсталяваньне ў вельмі некалі пасьпяховай дзяржаўнай арганізацыі «Белрыба». Расказваем гісторыю гэтай кампаніі і тлумачым ролю ўладаў ва ўсёй гісторыі.

Падпарадкаваньне Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі

Прадпрыемства «Белрыба» заснавалі яшчэ ў 1957 годзе. З 2001 па 2010 год завод уваходзіў у пул кампаній, якімі распараджалася Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. На 2009 год гэтае прадпрыемства было адным з самых буйных пастаўшчыкоў рыбнай прадукцыі ў Беларусі.

Прадукцыю камбінату набывалі 2600 аб’ектаў розьнічнага гандлю па ўсёй Беларусі. У Менску, Слуцку і Салігорску працавалі фірмовыя крамы. Завод меў свой аўтапарк на 44 грузавікі. Прадпрыемства выпускала прадукцыю па 400 розных найменьнях.

Таксама ў 2009 годзе «Белрыба» лічылася адным з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. Кіраваў ім Генадзь Скітаў, які перайшоў сюды з Барысаўскага мясакамбінату, дзе быў гендырэктарам. Гэта чалавек з крымінальным мінулым, які раней насіў прозьвішча Элькінд і ўваходзіў у адну з бандыцкіх груповак Барысава.

Генадзь Скітаў
Генадзь Скітаў

Падпарадкоўваўся Генадзь Скітаў кіраўніку спраў Лукашэнкі Мікалаю Дамашкевічу, даўняму сябру ягонага бацькі. Паводле зьвестак «Ежедневника», ён у 2009 годзе ўратаваў Генадзя Скітава ад Дэпартамэнту фінансавага кантролю КДК.

КДК вырашыў праверыць «Белрыбу», але Скітаў адмовіўся даваць дакумэнтацыю. Пасьля доўгіх спрэчак на прадпрыемства асабіста прыехаў Дамашкевіч, і ўсё скончылася толькі крымінальнай справай па факце захоўваньня сапсаванай ікры. Генадзь Скітаў застаўся на волі і кіраваў «Белрыбай» мінімум да 2010 году. У тым жа 2010-м «Белрыба» атрымлівала прэстыжныя ўзнагароды за якасьць прадукцыі на выставе «Інтэрфуд-2010».

У 2009 годзе Мікалай Дамашкевіч перастаў ачольваць Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. Недзе ў 2010 ці 2011 годзе «Белрыбай» перастаў кіраваць і Генадзь Скітаў. А само прадпрыемства вывелі з пулу арганізацый, якія адміністравала Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. Тады ж ліквідавалі дзяржаўную манаполію на імпарт рыбы, а саму «Белрыбу» аддалі ў падпарадкаваньне Менгарвыканкаму. Кампанія ўсё яшчэ была на плаве і мела 8 крамаў па ўсёй Беларусі.

Колішні кіраўнік заводу Генадзь Скітаў працаваў пасьля звальненьня на розных пасадах, ягоная кар’ера скончылася арыштам у 2023 годзе. Тады Скітаў быў дырэктарам «Бабушкиной крынки». Яго падазраюць у атрыманьні хабару.

У 2012 годзе КДК усё ж дабраўся з праверкай на «Белрыбу». У сюжэце СТБ з гэтай нагоды паказалі тэхніку, якую набылі для мадэрнізацыі прадпрыемства, але яна засталася стаяць запячатанай, бо аказалася проста непатрэбнай.

Тагачасны кіраўнік КДК Аляксандар Якабсон расказваў, што прадпрыемства мае праблемы, бо пастаўляе рыбу з-за мяжы. А сваёй, беларускай сыравіны ня мае. І паабяцаў, што праблемы на прадпрыемстве абавязкова вырашаць, бо «ў Беларусі ўсё вырашаецца».

Тады ж галоўны кантралёр Беларусі паведаміў, што за 2011 год прадпрыемства зарабіла на экспарце за мяжу каля мільёна даляраў. Аднак гэта толькі 2% ад усяе вытворчасьці. Чыноўнік палічыў, што аб’ёмы можна нарошчваць. Для гэтага ў мадэрнізацыю вырашылі ўкласьці яшчэ пару дзясяткаў недэнамінаваных мільярдаў рублёў (некалькі дзясяткаў мільёнаў пасьля дэнамінацыі).

А на прадпрыемстве вырашылі паслухацца Якабсона і скіраваць вытворчасьць на экспарт, ад чаго займелі толькі дадатковыя праблемы.

Ікра, зробленая на прадпрыемстве «Белрыба»
Ікра, зробленая на прадпрыемстве «Белрыба»

Арыентацыя на расейскі рынак

З 2014 году завод, на якім працавала больш за 640 чалавек, стаў актыўна пераключацца на расейскі рынак, гэта расказвала адна з супрацоўніц у інтэрвію «Люстэрку».

Тады прадпрыемства перапрацоўвала чырвоную ікру, філе ласося, ікру мойвы. Стаўку на Расею зрабілі, бо тады яна ўвяла эмбарга на шэраг эўрапейскіх прадуктаў, у тым ліку на рыбу. Аднак у 2015 годзе расейскі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускае прадпрыемства ў падробцы ласасёвай ікры. Тады назад у Беларусь адправілі партыю ў 15 тонаў ікры і забаранілі пастаўкі. Празь некалькі месяцаў сытуацыя вырашылася.

Далей праблемы працягнуліся. У лістападзе 2017 году Рассельгаснагляд зноў забаніў прадукцыю «Белрыбы», прадпрыемства абвінавацілі ва ўвозе нарвэскай і брытанскай прадукцыі пад выглядам беларускай. Абмежаваньні зьнялі ў студзені 2018 году.

2016-ы завод скончыў з чыстымі стратамі ў 513 тысяч рублёў. Сукупны доўг тады быў 68 мільёнаў рублёў.

Спроба прадаць «Белрыбу» інвэстарам і праблемы з заробкамі

У 2018 годзе зьявілася абвестка аб продажы акцый «Белрыбы». За прадпрыемства прасілі 23,3 мільёна рублёў, гэта 12 мільёнаў даляраў па тагачасным курсе. Прадпрыемства не купілі, а ў кіраўніцтве тады скардзіліся, што ўся выручка ідзе на пагашэньне старых даўгоў за мадэрнізацыю.

Прадукцыя ААТ «Белрыба»
Прадукцыя ААТ «Белрыба»

У 2018 годзе выставілі на продаж адзін з цэхаў «Белрыбы» на вуліцы Радыяльнай у Менску. Другі цэх, у завулку Сьцебянёва, працаваў далей. У 2020-м спрабавалі падаваць заяву на банкруцтва, але безвынікова. Тады ж праз рэарганізацыю заўважна зьнізіліся заробкі. Сьпярша прадпрыемства далучылі да гандлёвага цэнтру «Радзівілаўскі», а пасьля да Менскага холадакамбінату № 2. Фактычна людзі працавалі, дзе і раней, на арандаваных памяшканьнях «Белрыбы».

Супрацоўнікі, а гэта 60 чалавек супраць больш як 600 у часы росквіту, у 2022 годзе пачалі скардзіцца ва ўсе інстанцыі. У 2020 годзе страты «Белрыбы» за год склалі 12,7 мільёна рублёў, у 2021 годзе — 8,8 мільёна.

У 2022 годзе ўтварыўся Рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» — прыватнае прадпрыемства, якое ўзяло ў арэнду магутнасьці былой «Белрыбы». Туды ж пайшлі працаваць гэтыя 60 чалавек, у якіх увосень 2023-га ўзьніклі тыя ж праблемы з заробкамі.

«У той час, калі „Санта Брэмар“ робіць прадукцыю, якая падабаецца людзям, „Белрыба“ рабіла што прасьцейшае: марожаную рыбу, кансэрвы. Пасьля прымянілі распаўсюджаную схему. Аддалі плошчы ў арэнду, каб гасіць даўгі перад банкамі і дзяржавай. Часта дзяржаўныя чыноўнікі робяць такую схему, каб стварыць юрыдычную асобу і здаць ёй у арэнду памяшканьні», — расказаў Свабодзе чалавек, які доўгі час працаваў зь беларускімі прадпрыемствамі як прадстаўнік рытэйлу.

Хто кіруе рыбакансэрвавым камбінатам «Сталічны»

Паводле інфармацыі, якою са Свабодай падзялілася аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» належыць цяпер дзьвюм асобам. Гэта Андрэй Блахін (ён гендырэктар) і Арнольд Хацкевіч.

Андрэй Блахін працаваў у Беларусбанку, шэрагу прыватных кампаній. На «Белрыбе», згодна з атрыманай інфармацыяй, раней пасадаў не займаў. Паводле інфармацыі на 2022 год, ён быў сузаснавальнікам расейскай фірмы «Продторгплюс». Паводле картатэкі расейскага агенцтва РБК, там працуе адзін чалавек.

Гандлюе кампанія, згодна з выпіскай, мясам, малочнай прадукцыяй, мясам птушкі. Рыбы ў гэтым пераліку няма.

Арнольд Хацкевіч працаваў на розных пасадах у прыватных і дзяржаўных кампаніях, якія былі зьвязаныя з рыбай. Быў кіраўніком «Гроднарыбы», у 2012 годзе праходзіў падазраваным у крымінальнай справе. Тады нібыта «Гроднарыба» паставіла ў Менск няякасную сыравіну. У 2013 годзе справу прыпынілі.

Цяпер, па словах дырэктара Блахіна, рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» займаецца вырабам і продажам шпротаў у алеі. Згодна з абвесткамі, гэта «Кілька Балтыйская» і «Шпроты Белрыба ў алеі».

А «Белрыба» ў картатэцы вытворцаў і прадпрыемстваў па-ранейшаму пазначаная як дзейная фабрыка. Мае свой сайт, самая сьвежая навіна на якім зьявілася ў 2021 годзе. Гэта была абвестка аб продажы стэляжнай сыстэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG