Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адказала новым ракетным ударам па Ўкраіне пасьля зьнішчэньня свайго карабля ў Чорным моры


Наступствы расейскай атакі на Львоў ў сьнежні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскай атакі на Львоў ў сьнежні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час Міністэрства абароны Ўкраіны пакуль так і не прызнала новую страту на Чарнаморскім флёце.

На час расейскага абстрэлу Польшча зноў падымала ў паветра сваю авіяцыю.

Раніцай 15 лютага Расея нанесла новы інтэнсіўны ўдар па тылавых абласьцях Украіны. Мінімум у чатырох абласьцях пашкоджаньні атрымалі інфраструктурныя аб’екты і жылы сэктар.

Расейскія войскі атакавалі ракетамі розных тыпаў.

Толькі на Львоўскую вобласьць расейцы выпусьцілі ня менш за 10 ракет

Мэр Львова Андрэй Садавы заявіў аб добрай працы супрацьпаветранай абароны, але, нягледзячы на гэта, адна ракета трапіла ў інфраструктурны аб’ект — цяпер там працуюць пажарныя, якія змагаюцца з полымем. Ад выбуховай хвалі ў жылых дамах на адной з львоўскіх вуліц павыляталі шыбы, зачапіла школу. Тры чалавекі атрымалі раненьні.

У Хмяльніцкай вобласьці пацярпелі цывільныя аб’екты, але ўлады не ўдакладняюць агульных маштабаў расейскай атакі. Яны адзначылі, што пакуль ня маюць інфармацыі аб пацярпелых і ахвярах.

У Запарожжы шэсьць чалавек атрымалі раненьні

Улады Запароскай вобласьці паведамілі аб пацэльваньні расейскай ракеты ў інфраструктурны аб’ект. Яго пакуль не называюць, як і не ўдакладняюць наступствы гэтага пашкоджаньня. Шэсьць чалавек атрымалі раненьні.

У Кіеўскай вобласьці найбольш пацярпела Буча, у Днепрапятроўскай — Нікапаль

Гарадзкія ўлады Кіева паведамілі, што сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць усе ракеты, запушчаныя Расеяй запусьціла з розных кірункаў. Паводле ўладаў, у сталіцы абышлося без руйнаваньняў і ахвяр.

У Бучы пацярпелі адразу пяць прыватных дамоў, шмат выбітых шыбаў, але ўлады сьцьвярджаюць, што ахвяр няма.

У Днепрапятроўскай вобласьці таксама пашкоджаны інфраструктурны аб’ект. Але без пацярпелых.

Найбольш разбурэньняў зафіксавалі ў Нікапалі і Марганцы, якія Расея абстрэльвае амаль кожны дзень.

Расея атакавала Ўкраіну 26 ракетамі

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала Ўкраіны 26 ракетамі з Варонескай, Курскай, Белгарадзкай і Саратаўскай абласьцей, а таксама з марской базы ў Новарасійску.

Супрацьпаветраная абарона Ўкраіны зьбіла 13 ракет.

У сытуацыйным цэнтры Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што за апошнія содні Расея абстраляла тэрыторыю 14 абласьцей Украіны. Колькасьць ахвяр удакладняюць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG