Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі, што ў 2024 годзе эўрапейскія чальцы Альянсу ўкладуць у абарону 380 млрд даляраў, што давядзе іх агульныя выдаткі да 2% супольнага ВУП у параўнаньні з 1,85% у 2023 годзе, паведамляе агенцтва Reuters.
«Я чакаю, што 18 саюзьнікаў выдаткуюць 2% свайго ВУП на абарону ў гэтым годзе», — сказаў Столтэнбэрг на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.
У 2014 годзе, пасьля расейскай анэксіі Крыму, чальцы Альянсу, якіх цяпер 31, паставілі перад сабой мэту давесьці выдаткі на абарону да ўзроўню 2% ад нацыянальнага ВУП.
У 2023 годзе гэты нарматыў выканалі толькі 11 чальцоў Альянсу: Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Грэцыя, ЗША, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славаччына, Фінляндыя і Эстонія.
Днямі былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку ягонай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў лістападзе 2024 году ён будзе заахвочваць Расею «рабіць усё, што ёй захочацца», з саюзьнікамі ЗША па NATO, якія не выдаткоўваюць дастаткова сродкаў на абарону.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, зьвязаныя з палемікай вакол камэнтароў Трампа, Столтэнбэрг сказаў, што Злучаныя Штаты «ніколі не вялі вайну ў адзіночку» і ведаюць, наколькі важны абарончы альянс для іх уласнай бясьпекі.
«Крытыка, якую мы чуем, тычыцца ня NATO, а саюзьнікаў па NATO, якія недастаткова выдаткоўваюць на Альянс», — дадаў Столтэнбэрг.
Як адзначае Reuters, пасьля заканчэньня халоднай вайны сёлета Нямеччына ўпершыню дасягне ўзроўню вайсковых выдаткаў 2% ад ВУП. Францыя таксама павялічвае свае вайсковыя выдаткі, але ўзроўню 2% ад ВУП дасягне не раней за 2025 год.