Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праект 13-га пакету санкцый Эўразьвязу трапілі шэсьць беларускіх грамадзян і тры абаронныя прадпрыемствы


Аршанскі авіярамонтны завод, архіўнае фота
Аршанскі авіярамонтны завод, архіўнае фота

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у Брусэлі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іхных кіраўнікоў, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Санкцыйныя абмежаваньні прапанавалі ўвесьці супраць Аршанскага авіярамонтнага заводу і ягонага генэральнага дырэктара, грамадзяніна Беларусі Паўла Случака. Прадпрыемства займаецца рамонтам верталётаў Mi-24 і Mi-35, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

У санкцыйныя сьпісы прапануюць уключыць Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі і ягонага дырэктара Валерыя Шацілу. Завод выконвае заказы Ўзброеных сіл Расеі.

У праект 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі, які Эўразьвяз мае прыняць да другой гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага, таксама трапіла беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.

У праект новага санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу ўключылі таксама грамадзяніна Беларусі Сяргея Астафурава, які ўзначальвае расейскую кампанію «НТЦ Промтехаэро», якая займаецца прамысловымі тэхналёгіямі і аэранавігацыйнымі сыстэмамі. Кампанія ўваходзіць у структуру АТ «Алмаз-Антей» — дзяржаўнага вытворцы зброі, супрацьпаветраных сыстэм і крылатых ракет.

Апроч таго, санкцыйныя абмежаваньні прапануюць увесьці супраць Аляксея Талая і ягонага дабрачыннага фонду, якія займаюцца незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Папярэдне ў санкцыйны сьпіс уключылі і ягонага партнэра ў гэтай дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова, кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

За аналягічную дзейнасьць у санкцыйныя сьпісы плянуюць уключыць старшыню Наваполацкага гарвыканкама Дзьмітрыя Дзямідава, якога назвалі «адной з ключавых асоб, датычных да прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшага ўсынаўленьня расейскімі і беларускімі сем’ямі».

У санкцыйныя сьпісы прапанавалі ўключыць недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву, якія каардынавалі вываз некалькіх груп украінскіх дзяцей і праводзілі іх перавыхаваньне. У дакумэнтах сьцьвярджаецца, што гэтая арганізацыя створана ў Беларусі, аднак дзяржаўныя СМІ пісалі, што Вольга Волкава зьяўляецца жыхаркай Данецку і стварыла сваю арганізацыю менавіта там. У дакумэнце, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, грамадзянства Вольгі Волкавай не пазначана.

У праект санкцый трапіў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, грамадзянства якога не пазначана, Васіль Шурпанаў, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

Шурпанаў — генэральны дырэктар ААТ «Ніжагародзкі машынабудаўнічы завод». Гэта расейскае вайскова-прамысловае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай артылерыйскіх і ракетных сыстэм, у тым ліку зэнітных ракетных комплексаў С-300, якія знаходзяцца на ўзбраеньні расейскага войска.

Усяго ў чарнавы варыянт 13-га пакету ўключылі 105 фізычных асобаў (грамадзян Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін), а таксама 85 прадпрыемстваў і кампаній з розных краін, у тым зь Беларусі.

У ЭЗ лічаць іх «адказнымі за дзеяньні дзеля падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны».

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG