Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Офісе Ціханоўскай пракамэнтавалі прапанову МЗС Чэхіі падоўжыць забарону на выдачу візаў і ДНЖ беларусам


МЗС Чэхіі, архіўнае ілюстрацыйнае фота
МЗС Чэхіі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок пракамэнтавала Свабодзе прапанову МЗС Чэхіі падоўжыць забарону на выдачу візаў і ДНЖ беларусам.

Крысьціна Шыянок адзначыла, што ў Офісе і раней ведалі пазыцыю чэскага боку, таму навіна пра намер падоўжыць візавую забарону «ня стала чымсьці нечаканым». Яна адзначыла, што пазыцыю ў дачыненьні да выдачы візаў беларусам раней у інтэрвію Радыё Свабода ўжо агучыў спэцпасланьнік МЗС Чэхіі для Ўсходняга партнэрства Давід Стулік: ён заявіў, што «агульная палітыка Чэхіі ў гэтым пытаньні такая ж, як да грамадзян Расеі — то бок не выдаваць візаў».

«Калі глядзець сутнасна, то ідзецца пра тое, што забарону могуць працягнуць на нявызначаны час, а не на год, як было ў мінулыя разы. І дэмакратычным сілам Беларусі неабходна рабіць крокі, каб Беларусь у ідэале была зь яе вынятая», — адзначыла Крысьціна Шыянок і дадала, што ў беларускіх дэмакратычных сілаў «ёсьць свае аргумэнты на карысьць гэтага».

Разам з гэтым у Офісе чуюць засьцярогі Чэхіі наконт яе нацыянальнай бясьпекі.

«Таму, магчыма, не ідэальным, але ў нейкай ступені пераможным на гэты момант быў бы і варыянт кампраміснага рашэньня, калі з пакіданьнем у тэксьце ўрадавай пастановы Беларусі Чэхія адначасова зробіць новыя выключэньні зь візавай забароны, скіраваныя на падтрымку беларускага грамадзтва, перадусім такіх яго ўразьлівых груп, як беларускае студэнцтва ці сямейнікі тых, хто ня можа вярнуцца на радзіму», — адзначыла Крысьціна Шыянок.

Паводле яе, выключэньні, якія існуюць сёньня, працягнуць дзейнічаць. Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі будзе прыкладаць намаганьні, каб пашырыць сьпіс гэтых выключэньняў.

Як паведаміла прэс-служба «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», яе прадстаўнік зьвязаўся з прэс-сакратаром МЗС Чэхіі для ўдакладненьня інфармацыі пра выдачу беларусам візаў і дазволаў на жыхарства і атрымаў афіцыйны адказ:

«Гэта толькі тэхнічная зьмена — парамэтры ўсё тыя ж, але першапачатковы закон дзейнічаў толькі на працягу пэўнага пэрыяду часу. Аказалася, што вайна зацягваецца, таму мы прапануем зьмяніць тэрмін дзеяньня закону. Сутнасьць (абмежавальных мер) застаецца ранейшай, таксама захоўваюцца выключэньні для чальцоў сем’яў грамадзян ЭЗ і з гуманітарных прычын (грамадзянская супольнасьць, актывісты, журналісты)», — цытуе гэты адказ прэс-служба «НАУ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG