Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты на мітынгу ў Празе заклікалі чэскія ўлады спрасьціць выдачу пашпартоў замежнікаў. ФОТА


Акцыя беларускіх студэнтаў у Празе
Акцыя беларускіх студэнтаў у Празе

Некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў правялі акцыю ў цэнтры Прагі, імкнучыся зьвярнуць увагу чэскіх уладаў на сытуацыю, у якой апынуліся беларусы пасьля ўказу Лукашэнкі аб пашпартах.

Новы парадак, паводле якога замяніць пашпарт можна толькі на тэрыторыі Беларусі, паставіў у складаную сытуацыю беларусаў Чэхіі, якія з тых ці іншых прычынаў апынуліся па-за межамі радзімы.

Але асабліва няпростае становішча ў студэнтаў, якія выяўлялі ці выяўляюць палітычную актыўнасьць.

«Я не магу прыехаць у Беларусь, бо ўлады могуць ведаць пра маю актыўнасьць у 2020-м годзе і арыштаваць, як гэта было зь іншымі, хто вяртаўся на радзіму, — гаворыць Алена, студэнтка мэдычнага факультэту Карлава ўнівэрсытэту, актывістка Зьвязу беларускіх студэнтаў у Чэскай Рэспубліцы. — Зь іншага боку, я не магу падаць просьбу аб наданьні мне палітычнага прытулку ў Чэхіі, бо мяне не арыштоўвалі і не судзілі. Калі б я такую заяву падала, мне, хутчэй за ўсё, адмовілі б. Што мне рабіць, калі скончыцца дзеяньне беларускага пашпарту? Аптымальным выйсьцем у маёй сытуацыі было б атрымаць чэскі праязны дакумэнт. Але вучоба ва ўнівэрсытэце не зьяўляецца прычынай для яго выдачы».

Акцыя беларускіх студэнтаў у Празе
Акцыя беларускіх студэнтаў у Празе

У сытуацыі Алены сёньня апынуліся мінімум некалькі соцень студэнтаў зь Беларусі.

Абсалютная іх большасьць — альбо ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году, альбо выходзілі на акцыі ўжо ў Чэхіі ў падтрымку беларускіх палітычных вязьняў і Ўкраіны. Як сьведчыць практыка, пры ўезьдзе ў Беларусь яны могуць зазнаць рэпрэсіі.

«З пункту гледжаньня Міжнароднай канвэнцыі аб правах уцекачоў ды іншых аналягічных дакумэнтаў, нават пагрозы перасьледу дастаткова, каб чалавек мог прэтэндаваць на станоўчае рашэньне просьбы пра палітычны прытулак, — кажа студэнт Вышэйшай эканамічнай школы Ігар. — Але ў рэальнасьці чэскія ўлады ў такіх выпадках адмаўляюць. Аднак я і не зьбіраюся прасіць палітпрытулку, тым самым ня буду цяжарам для сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня Чэхіі. Усё, што я прашу — даць мне магчымасьць вучыцца, знаходзячыся на тэрыторыі Чэскай Рэспублікі легальна».

«Ня хочам быць нявольнікамі Лукашэнкі» — плякаты на акцыі беларускіх студэнтаў у Празе.
«Ня хочам быць нявольнікамі Лукашэнкі» — плякаты на акцыі беларускіх студэнтаў у Празе.

Перад удзельнікамі акцыі выступіла кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок, якая вызначыла тры асноўны аспэкты праблемы.

  • Першая — гэта дамагчыся спрошчанай выдачы студэнтам і іншым, у каго ў Чэхіі ВНЖ, альтэрнатыўных праязных дакумэнтаў, а ў каго ПМЖ - пашпартоў замежнага грамадзяніна.
  • Другая — гэта працяг тэрміну дзеяньня такога дакумэнту, бо сёньня ён выдаецца толькі на паўгады. Гэта ўжо больш складаная працэдура, тут ужо павінен быць задзейнічаны парлямэнт.
  • І, нарэшце — прызнаньне пашпарту Новай Беларусі, створанага Пераходным кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай. Гэты дакумэнт мог бы замяніць беларусам замежжа дзейны пашпарт Рэспублікі Беларусь.
«Пашпартны кантроль? Чаму не кантроль злачынства лукашэнкаўскага рэжыму?»
«Пашпартны кантроль? Чаму не кантроль злачынства лукашэнкаўскага рэжыму?»

Беларускія студэнты трымалі плякаты з надпісамі: «Не пакіньце беларусаў бяз пашпарту», «Пашпартны кантроль? Чаму не кантроль злачынства лукашэнкаўскага рэжыму?», «Ня хочам быць нявольнікамі Лукашэнкі» ды інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG