Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба, каб беларусы мелі бязьвізавы рэжым у Эўразьвяз. Тлумачыць пасланьнік чэскага МЗС


Каляж: Давід Стулік; паседжаньне пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай
Каляж: Давід Стулік; паседжаньне пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай

Калі беларусы змогуць зноў атрымліваць чэскія візы ў Беларусі? Ці аднолькава чэскія ўлады глядзяць на беларусаў і расейцаў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказаў Давід Стулік, нядаўна прызначаны на пасаду спэцыяльнага пасланьніка для Ўсходняга партнэрства ў Міністэрстве замежных спраў Чэхіі.

Поўнае відэа гутаркі.

Фрагмэнты размовы.

  • Рэжым Лукашэнкі сам адмовіўся ад удзелу ў праграмах Усходняга партнэрства. Але ЭЗ хоча далей працаваць зь беларускім грамадзтвам, зь беларускімі актывістамі, з журналістамі, з апазыцыйнымі дэмакратычнымі дзеячамі.
  • Мы запрашаем для перамоваў прадстаўнікоў Беларусі, але не афіцыйнага Менску. Як толькі ў Беларусі зьменіцца ўлада, яна адразу ж будзе мець месца за сталом Усходняга партнэрства.
  • Беларускія рэпрэсаваныя актывісты, а таксама іх сваякі могуць атрымаць так званыя гуманітарныя візы ў Чэхію праз праграму «Грамадзянская супольнасьць». Але агульная палітыка нашай дзяржавы ў гэтым пытаньні такая ж, як да грамадзян Расеі — то бок не выдаваць візаў.
  • Ёсьць выняткі, якія робіць Чэхія. Вядома ж, іх менш, чым робіць Польшча ці Літва. Мы ўвесь час шукаем спосабы, як дапамагчы тым, каму трэба.
  • Афіцыйна Рэспубліка Беларусь падтрымлівае агрэсіўную палітыку Расеі. Таму пакет санкцый ЭЗ выкарыстоўваецца для абедзьвюх краін. Але мы намагаемся дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Да прыкладу, былі саступкі і кампрамісы датычна візаў для беларускіх студэнтаў, якія маюць праблему з тым, каб абнавіць пашпарт. Гэта іншы падыход, чым да студэнтаў з Расейскай Фэдэрацыі.
  • Вядома ж, адказнасьць за вайну найперш нясе рэжым. Праблема ў тым, як адасобіць людзей ад дзяржавы. І магу вас запэўніць, што мы ўвесь час шукаем такую магчымасьць. Але часам цяжка вэрыфікаваць людзей і адрозьніваць, хто ёсьць хто.
  • Калі ў Менску зьменіцца ўлада, я ўпэўнены, што Беларусь далучыцца да праграмы Ўсходняга партнэрства. А потым беларуская грамадзкасьць будзе мець бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам — як украінцы, грузіны ці малдаване. Будзе і дамова пра асацыяцыю, і пэрспэктывы сяброўства ў ЭЗ. Адкрыецца рынак працы і магчымасьці падарожжаў.
  • Наша пасольства працягвае працаваць у Менску, ёсьць афіцыйныя кантакты. І пасьля 2020 году былі моманты, калі ўлада ў Менску дасылала сыгналы, што гатовая да перамоваў. Былі нават размовы пра вызваленьне палітвязьняў. Але потым Лукашэнка зноў разьвярнуўся да Масквы.
  • Ва ўсіх рэзалюцыях, заявах і дэклярацыях ЭЗ увесь час ёсьць заклікі да вызваленьня людзей, якіх незаконна ўтрымліваюць за кратамі. Нашы патрабаваньні зразумелыя. І гэта пытаньне да Лукашэнкі і ягонага атачэньня — ці скарыстаюцца яны рукой, працягнутай з боку заходніх краін.

  • Для нас офіс Сьвятланы Ціханоўскай і людзі, якія яго тут прадстаўляюць, — вельмі важныя партнэры. Бо мы разумеем, што адбылося на прэзыдэнцкіх выбарах, — што ў пані Ціханоўскай скралі перамогу і што яна прадстаўніца беларускіх грамадзян. Мы будзем зь імі супрацоўнічаць і адначасова заклікаць іх, каб яны супрацоўнічалі зь іншымі арганізацыямі ў дыяспары, бо яны маюць агульную мэту.
  • Калі 25 сакавіка з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай мае афіцыйна адкрывацца памяшканьне Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, можна чакаць удзелу чэскай улады на вельмі высокім узроўні. Бо пані Ціханоўская пра гэта раней размаўляла з прэзыдэнтам Чэхіі, з прэм’ер-міністрам, з нашым міністрам замежных справаў. Пакуль няма рашэньня, хто гэта будзе, але гэта будзе вельмі высокі ўзровень.
  • Ніхто не чакае, што ўнутры Беларусі ўсе будуць героямі і пойдуць ваяваць з рэжымам. І, вядома ж, такія рэчы лёгка казаць, седзячы ў Празе. Але я хацеў бы прасіць усіх, хто ня згодны з гэтым рэжымам, штодня рабіць свае маленькія крокі, каб улада ў Беларусі стала дэмакратычнай і такой, якая скіруе Беларусь туды, дзе месца Беларусі. А гэта Эўропа, а ня ўсходні кірунак. Кожны чалавек мае сам думаць, што можна зрабіць, каб гэты рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым перастаў існаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG