Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня якасьць ведаў, а палітычная ляяльнасьць. Чаго Лукашэнка хоча ад ВНУ


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з рэктарамі ВНУ. 13 лютага 2024 году
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з рэктарамі ВНУ. 13 лютага 2024 году

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з рэктарамі ВНУ. Абмяркоўвалі сытуацыю ў вышэйшай адукацыі краіны. Высьветлілася, што ў гэтай сфэры шмат праблем, якія дзесяцігодзьдзямі не вырашаюцца. Аднак ці магчымае іх вырашэньне ў межах цяперашняй сацыяльнай мадэлі і палітычнага рэжыму?

Сьцісла:

  • Студэнты не задаволеныя якасьцю беларускай адукацыі.
  • Лукашэнка абураецца, што моладзь імкнецца атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Аднак гэта вынік існай дзяржаўнай палітыкі.
  • Асноўная задача, якая стаіць перад ВНУ, — забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі цяперашняму рэжыму.
  • Задачы, якія ставіць Лукашэнка, супярэчаць адна адной. І гэтая супярэчлівасьць абумоўлена тым, што інтарэсы захаваньня палітычнага рэжыму не супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі, задачамі разьвіцьця грамадзтва і краіны.

Выступ Лукашэнкі на нарадзе з рэктарамі ВНУ быў надзвычай супярэчлівы. Бо прычыны праблем, якія існуюць у вышэйшай адукацыі, носяць не выпадковы характар. Тыя задачы, якія ён ставіць перад унівэрсытэтамі, уступаюць у супярэчнасьць зь дзяржаўнай палітыкай.

Вось Лукашэнка хваліцца, што «самае важнае — мы захавалі пераемнасьць і якасьць клясычнай адукацыі», «мы захавалі лепшыя савецкія традыцыі», Беларусь ня кінулася ў рэформы, у якія яе «актыўна спрабавалі ўцягнуць» ворагі ў выглядзе «розных замежных фондаў». Трэба разумець, гаворка ідзе пра «Балёнскі працэс». Здавалася б, вось і добра. Тым больш, што і шмат замежных студэнтаў прыяжджаюць вучыцца ў Беларусь.

Аднак зь ягоных жа словаў высьвятляецца, што насамрэч усё ня так добра, ёсьць шмат праблем. Адна зь іх палягае ў тым, што існуе разрыў паміж попытам і прапановай на рынку працы. То бок шмат тых спэцыялістаў, якіх выпускаюць ВНУ, не запатрабаваныя. І наадварот: тых, якія патрэбныя, не рыхтуюць ва ўнівэрсытэтах.

Але гэта непазьбежна ва ўмовах дамінаваньня дзяржавы як у эканоміцы, так і ў вышэйшай адукацыі. Дзяржаўныя інстытуцыі ня гнуткія паводле самой сваёй прыроды. Калі б у краіне былі нармальныя рынкавыя адносіны, то рынак хутка адрэгуляваў бы гэтую праблему.

А далей высьвятляецца, што існуюць і больш сур’ёзныя выклікі. Аказваецца, што захаваньне савецкіх традыцый, адмова ад рэформаў прывяла да таго, што ВНУ «закасьцянелі да неймавернасьці»! У выніку «ледзь не палова» студэнтаў сёньня не задаволеныя якасьцю адукацыі.

«Дакладаюць: вы не пасьпяваеце за тэхналёгіямі, маладыя спэцыялісты давучваюцца на вытворчасьці. Каму патрэбныя такія „спэцыялісты“?» — кажа Лукашэнка.

Як жа павысіць якасьць? Прапановы дзіўныя. Напрыклад — разгледзець магчымасьць скарачэньня часу падрыхтоўкі па асобных спэцыяльнасьцях: «Можа, ня пяць гадоў недзе, не чатыры гады, а тры...» А яшчэ трэба зьмест інфармацыі «ўзяць у тым ліку з савецкіх падручнікаў». Лукашэнка чарговы раз узгадаў інтэрнэт як праблему, выклік. Але велікадушна пагадзіўся: «Мы ад гэтага пазбавіцца ня можам. Тым больш, інтэрнэт і вялікае станоўчае мае значэньне». Прызнаньне ад Лукашэнкі станоўчага значэньня інтэрнэту дорага каштуе.

Яшчэ адна праблема — імкненьне маладзёнаў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. То бок атрымліваецца, што ў той час, як замежныя студэнты, паводле Лукашэнкі, едуць вучыцца ў Беларусь, самі беларускія дзяўчаты і хлопцы хочуць «зваліць» з краіны. І ён абураны: «Гэта што за мода? Або аб’ектыўны выбар? Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытаньне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ... І чаму БДУ, БНТУ, мэдычныя ўнівэрсытэты або БДУІР не зьяўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступленьня?»

Невядома, які канкрэтны адказ на канкрэтнае пытаньне далі рэктары, але прычыны, так бы мовіць, «студэнцкай эміграцыі» відавочныя. Гэта і неабходнасьць адпрацоўкі некалькі гадоў па разьмеркаваньні пасьля заканчэньня ВНУ, такое своеасаблівае «прыгоннае права». Для маладых мужчын існуе пагроза апынуцца ў войску ў момант, калі захоўваецца імавернасьць уступленьня Беларусі ў вайну. Дрэнныя агульныя палітычныя і эканамічныя ўмовы ў краіне. Адсутнасьць грамадзянскіх свабод, пагроза апынуцца за кратамі проста за лайк у сацыяльных сетках. Адсутнасьць пэрспэктываў у краіне, якая знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, куды ня лётаюць самалёты з Эўропы, дзе нізкія заробкі, дыскрымінуюць бізнэс, адкуль уцякаюць інвэстары.

То бок прычыны моладзевай эміграцыі — у той дзяржаўнай палітыцы, якую ажыцьцяўляе сам Лукашэнка.

Але зь ягоных доўгіх развагаў вынікае, што якасьць адукацыі ці нават студэнцкая эміграцыя — гэта ня самае галоўнае. Асноўная задача, якая стаіць перад ВНУ, — забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі. Вось якраз гэта хвалюе Лукашэнку ў першую чаргу. Ён некалькі разоў узгадаў нездавальняючую ідэалягічную і выхаваўчую працу з моладзьдзю. І абурыўся, што міністар адукацыі Андрэй Іванец да гэтага часу не прапанаваў кандыдатуру на вакансію намесьніка міністра па ідэалёгіі. Аказваецца, ёсьць такая пасада. Вось пасады намесьніка міністра па якасьці адукацыі няма, а намесьніка па ідэалёгіі — ёсьць.

І наконт якасьці. З аднаго боку, Лукашэнка, разважаючы пра выкладчыкаў, абураецца, што «дазваляем сабе раскідвацца высокакваліфікаванымі спэцыялістамі». А зь іншага боку, папракае рэктараў: «Калі сярод вас да гэтага часу працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалёгію, калі вы працаўладкоўваеце тых, хто ўчора хістаў „рэжым“, то якія высновы я павінен рабіць пра вас?.. Гэта вашых студэнтаў, адурманеных заходнімі каштоўнасьцямі, мы бачылі на плошчах у 2020-м. І многія „сэнсы“, якія іх вывелі на вуліцу, былі закладзеныя, на жаль, у вашых аўдыторыях».

То бок Лукашэнку патрэбныя не высокакваліфікаваныя спэцыялісты, а ляяльныя. Менавіта такія прыярытэты. Таму за апошнія тры гады ў ВНУ прайшлі шырокія «чысткі», звольнілі ўсіх палітычна нядобранадзейных. Але якраз гэтыя апошнія, як правіла, былі найлепшымі прафэсіяналамі. Якасьць адукацыі прынесена ў ахвяру палітычнай мэтазгоднасьці. Гэта не хаваецца, а адкрыта дэкляруецца.

Адметна, што менавіта ў сфэры ідэалягічнай працы Лукашэнка бачыць вялізны правал: «Махровы бюракратызм! Усё на адчэпнае: і моладзевыя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія рады, і іншае!.. Спыніць гэты фармалізм. Нікому нічога для „птушачкі“ ня трэба».

Аднак калі палітычная сыстэма знаходзіцца на фазе спаду, дэградацыі, то па-іншаму не бывае. Уся ідэалягічная машына працуе ўхаластую. І сам Лукашэнка гэта добра ведае з уласнага досьведу, калі ў маладосьці, у часы глухога брэжнеўскага застою працаваў адказным сакратаром таварыства «Веды» Шклоўскага раёну.

Увогуле, патрабаваньні і задачы, якія ставіць Лукашэнка, супярэчаць адно аднаму. І гэта абумоўлена тым, што інтарэсы захаваньня палітычнага рэжыму супярэчаць нацыянальным інтарэсам, задачам разьвіцьця грамадзтва і краіны. Таму яны невырашальныя ў межах існай сыстэмы. У гэтым палягае канцэптуальная беларуская драма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG