Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонская выведка заявіла, што Расея фармуе вакол Эстоніі наступальны патэнцыял


Уладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ілюстрацыйнае фота

«Ваяўнічасьць і ваенны патэнцыял Расеі павялічваецца, а мілітарызацыя грамадзтва паглыбляецца, паколькі Крэмль абраў шлях доўгатэрміновай канфрантацыі з Захадам», — мяркуюць у выведцы Эстоніі.

У Дэпартамэнце зьнешняй выведкі Эстоніі заявілі, што мэта абвешчанай у Расеі рэформы арміі — вайсковае дамінаваньне ў рэгіёне Балтыйскага мора і павелічэньне колькасьці расейскіх войскаў на межах Эстоніі.

«Расейскае кіраўніцтва бачыць неабходнасьць вярнуцца да канцэпцыі масавай арміі, каб прадоўжыць вайну супраць Украіны і быць гатовымі да магчымага канфлікту з NATO», — адзначаецца ў штогадовым дакладзе эстонскай выведкі «Эстонія ў асяродзьдзі міжнароднай бясьпекі 2024», які працытавала выданьне Err.ee.

Паводле эстонскай выведкі, адзін з імаверных сцэнараў прадугледжвае павелічэньне ў два разы асабовага складу сухапутных і паветрана-дэсантных войскаў Расеі на эстонскім кірунку, як гэта было ў выпадку з Украінай перад пачаткам уварваньня 24 лютага 2022 году.

«Колькі такіх падразьдзелаў можа знаходзіцца ў сталай баявой гатоўнасьці, залежыць ад здольнасьці Расеі набіраць вайскоўцаў паводле кантракту, навучаць і ўтрымліваць на службе», — адзначаецца ў дакумэнце.

У Дэпартамэнце зьнешняй выведкі Эстоніі мяркуюць, што посьпех вайсковай рэформы ў Расеі залежыць ад хады вайны ва Ўкраіне.

«Калі Расея зможа рэалізаваць рэформу, Паўночнаатлянтычнаму альянсу (NATO) у бліжэйшае дзесяцігодзьдзе будзе супрацьстаяць масавая армія савецкага ўзору, якая, імаверна, будзе тэхналягічна саступаць войскам хаўрусьнікаў практычна ва ўсім, апроч РЭБ і здольнасьці наносіць удары на вялікай адлегласьці», — адзначаецца ў дакладзе.

«Адбіцьцё магчымага канвэнцыйнага нападу такой арміі запатрабуе ад Сіл абароны і абароннай прамысловасьці хаўрусьнікаў NATO ў разы большай гатоўнасьці, магутнасьцяў і запасаў боепрыпасаў, чым цяпер», — напісалі ў Дэпартамэнце зьнешняй выведкі Эстоніі.

У эстонскай выведцы назвалі плян павелічэньня колькасьці расейскай арміі вельмі амбітным, асабліва ўлічваючы кароткія тэрміны і дэмаграфічную сытуацыю ў Расеі, і адначасова «вельмі небясьпечным, бо ваяўнічасьць і ваенны патэнцыял Расеі павялічваецца, а мілітарызацыя грамадзтва паглыбляецца, паколькі Крэмль абраў шлях доўгатэрміновай канфрантацыі з Захадам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG