Беларуская нацыянальная авіякампанія «Белавія» працуе пад санкцыямі ўжо два гады. Зь яе самалётамі за мінулы год здарылася адразу некалькі інцыдэнтаў. За гэты год — ужо адзін. 31 студзеня рэйс «Белавія», які накіроўваўся зь Менску ў Маскву, зрабіў некалькі кругоў і вярнуўся ў аэрапорт вылету. Самалёт ня змог схаваць шасі.
Летась інцыдэнты здараліся рэгулярна. 1 лістапада ў самалёта «Белавія» лопнула кола, праз гэта праца менскага аэрапорту была паралізаваная цягам гадзіны. Самалёт заблякаваў узьлётна-пасадачную паласу. Гэта была мадэль Boeing 737 MAX 8. Судна выконвала рэйс са Стамбулу.
30 кастрычніка 2023 самалёт «Белавія» вылецеў з аэрапорту Астаны ў Менск, але праз 1,5 гадзіны вярнуўся назад з прычыны няспраўнасьці шасі, паведамляла тады «Люстэрка» са спасылкай на сваіх чытачоў. На замену выслалі іншы самалёт.
13 кастрычніка борт «Белавія» вылецеў з Санкт-Пецярбургу ў Менск, але менш як праз гадзіну вярнуўся ў аэрапорт Пулкава. Прычына — праблемы з кандыцыянаваньнем. Гэта быў самалёт Embraer Е175L.
19 жніўня ў самалёце «Белавія», якія ляцеў зь Екацярынбургу ў Менск, адбылася разгермэтызацыя.
Паветранае судна даляцела да менскага аэрапорта, дзе яго сустрэлі аварыйныя службы. Гэта быў Boeing 737-300.
Таксама вядома, што ў сакавіку 2023 году самалёт, які ляцеў зь Менску ў Кутаісі, разьвярнулі ў паветры і вярнулі назад у беларускую сталіцу. Пра гэты інцыдэнт паведамляла «Люстэрка» са спасылкай на свае крыніцы. Які самалёт выконваў рэйс, не паведамлялася, але паводле сайту flightaware.com, на гэтым маршруце выкарыстоўваецца Embraer ERJ-190.
Раней было так жа?
Свабода параўнала, колькі інцыдэнтаў, пра якія вядома публічна з навінаў, раней здараліся з самалётамі «Белавія». За 2022 год мы налічылі мінімум два такія выпадкі, толькі адзін зь якіх быў зьвязаны з тэхнічнымі праблемамі.
9 лістапада 2022 году самалёт, які вылецеў у Шарджу (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) зь Менску, вярнуўся ў нацыянальны аэрапорт, гэта адбылося праз «раструшчваньне покрыўнага слою адной з частак шкла кабіны пілётаў».
У студзені некалькі рэйсаў «Белавія» затрымаліся ад таго, што на пасадачную паласу выкаціўся самалёт «Узбэцкіх авіяліній».
За 2019 год знаходзім зьвесткі толькі пра адзін інцыдэнт з самалётамі «Белавія».
12 ліпеня самалёт авіякампаніі выкаціўся за межы ўзьлётна-пасадачнай паласы ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны». Тады прычынай называлася «пашкоджаньне ўзьлётна-пасадачнай паласы».
«Важны чалавечы фактар»
Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам «Белавія», якія на ўмовах ананімнасьці расказаў, чаму з самалётамі могуць здарацца інцыдэнты. На думку Аляксея (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) нейкія дробныя інцыдэнты здараліся заўжды. Асноўны іх фактар — чалавечы.
«Кожны выпадак заўжды расьсьледуецца спэцыялістамі кампаніі, далучаюцца і спэцыялісты Дэпартамэнту авіяцыі. Калі ёсьць падазрэньне ў нейкай дэталі, нейкім дэфэкце, то яе заменяць. Праз санкцыі і складанасьці лягістыкі цяпер ёсьць праблемы з дастаўкай дэталяў. Тады самалёт можа прастойваць месяц і болей», — кажа суразмоўца.
Па яго словах, уведзеныя супраць Беларусі авіяцыйныя санкцыі досыць сур’ёзна ўскладняюць працу «Белавія». Аднак гаварыць пра тое, што нацыянальны перавозчык ад гэтых складанасьцяў можа пачаць рызыкаваць жыцьцямі пасажыраў, усё ж нельга.
«Амэрыканскія санкцыі дастаткова сур’ёзныя, і ніводная кампанія, якая пастаўляе тэхніку, ня будзе рызыкаваць і абыходзіць іх. Таму гэта робіцца праз трэція краіны, якія ідуць на гэта. Напрыклад, недзе сьпісалі самалёт, але ў яго ёсьць рэсурсныя дэталі. Іран, напрыклад, шмат гадоў пад санкцыямі, але выкарыстоўвае заходнюю тэхніку», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Іншы спэцыяліст (не называем яго імя дзеля бясьпекі. — РС), які таксама працаваў у «Белавія», пацьвярджае словы Аляксея. Суразмоўца расказвае, што, каб зразумець прычыну здарэньняў, трэба падрабязна аналізаваць статыстыку кожнага зь іх.
«Замяніць дэталі можна і зараз — уплывае цана пытаньня. Замяніць рухавік вельмі складана. Іншыя дэталі прасьцей. Адрыў ад міжнародных ланцужкоў паставак, безумоўна, ускладняе працэс. Гэта дадатковыя выдаткі», — гаворыць спэцыяліст.
«Ёсьць праблемы з адтокам кадраў»
Абодва суразмоўцы сярод складанасьцяў, зь якімі сутыкнуўся нацыянальны беларускі авіяперавозчык, называюць адток кадраў.
«Ёсьць людзі пэнсійнага ўзросту, якіх адпраўляюць на спачынак дзеля аптымізацыі. Таксама ёсьць спэцыялісты, якія вымушана звольніліся, бо выехалі з краіны. Гэтая праблема адчувальная для авіяцыі, бо патрабуюцца гады, каб падрыхтаваць прафэсіянала. Аднак я б не сказаў, што праблема з кадрамі крытычная. Часам людзі бяруць на сябе дадатковую нагрузку, што таксама ўскосна можа ўплываць на нейкія інцыдэнты. Чалавек праз стому можа нечага не пасьпець зрабіць», — гаворыць Аляксей.
Цяпер сярэдні ўзрост самалётаў «Белавія» — 11 гадоў. Суразмоўцы даводзяць, што гэта мала ўплывае на магчымасьць нейкіх інцыдэнтаў.
«Чым старэйшая тэхніка, тым больш да яе ўвагі на тэхнічным абслугоўваньні. Нейкія праблемы могуць быць, але яны ня носяць крытычнага характару. Зусім новым самалётам, напрыклад, патрэбна „прыцірка“», — кажа былы супрацоўнік авіякампаніі.
Яго калега таксама пацьвярджае, што на старыя самалёты трэба больш выдаткаў.
«У „Белавія“ ёсьць і новыя самалёты. Са старымі — гэта фінансавыя выдаткі. Больш дарагое абслугоўваньне, але больш танныя дэталі. Па інцыдэнтах вы не заўважыце розьніцы. Пытаньне ў абслугоўваньні і ў дзеяньнях мясцовых уладаў, як яны падтрымліваюць гэтае абслугоўваньне. Як праходзіць сэртыфікацыі пэрсаналу, якія патрабаваньні да сэртыфікацыі, якія працэдуры выкарыстоўваюцца, каб адсачыць якасьць», — кажа спэцыяліст.
Ён даводзіць, што ў цэлым выдаткі для кампаніі павялічыліся, але кампанія мае загрузку і магчымасьць працаваць.
«Нават у пандэмію была загрузка, мэнэджмэнт у авіякампаніі вельмі прафэсійны. Загрузку яны будуць знаходзіць. Мяркую, у іх павялічыліся выдаткі на заробкі і на рэйсы, многія краіны трэба аблятаць. Таксама вырасьлі выдаткі на тэхнічнае абслугоўваньне, стала больш канкурэнцыі з расейскімі кампаніямі», — кажа спэцыяліст.
Было 29 краін, стала 10
На сёньня «Белавія» выконвае рэйсы ў 20 аэрапортаў дзесяці розных дзяржаў. Значную частку ў патоку займаюць расейскія гарады. Таксама авіякампанія лятае ў Грузію, Турэччыну, Казахстан, Індыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Армэнію, Туркмэністан.
«Белавія» працуе пад санкцыямі ЭЗ і ЗША пасьля прымусовай пасадкі самалёта Rynair у Менску ў траўні 2021 году і арышту двух пасажыраў, якія знаходзіліся на борце самалёта, Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі.
ЭЗ увёў санкцыі супраць «Белавія» 2 сьнежня 2021 году, ЗША ўвялі транспартныя санкцыі супраць авіякампаніі ў чэрвені 2022 году. Цяпер «Белавія» ня можа лятаць у эўрапейскія краіны і ЗША, яе самалёты ня могуць пралятаць над гэтымі краінамі.
Абслугоўваньне амэрыканскіх самалётаў Boeing, якія ёсьць у парку авіякампаніі, парушае экспартны кантроль ЗША. Гэта значыць, іншыя краіны ня могуць прадаваць дэталі ці рамантаваць гэтыя амэрыканскія самалёты.
Да ўвядзеньня санкцый «Белавія» мела 30 самалётаў. Многія зь іх знаходзіліся ў лізінгу, таму кампанія была вымушаная іх вярнуць на патрабаваньне лізінгадаўцаў. Ужо ў 2021 годзе ў «Белавія» заставалася 15 самалётаў; цяпер, паводле апошніх дадзеных, іх 13. Гэта бразыльскія Embraer і амэрыканскія Boeing.
Таксама «Белавія» страціла значную частку сваіх рэйсаў праз забарону на выкарыстаньне паветранай прасторы ЭЗ. Калі ў 2019 годзе авіякампанія лятала ў 29 краін, то цяпер — у 10 краін.
Апошняя даступная фінансавая справаздача аб дзейнасьці авіякампаніі датуецца 2020 годам. Тады чыстыя страты кампаніі склалі 92 мільёны рублёў, прычынай гэтага называлі пандэмію. У 2019 годзе кампанія была ў плюсе на 68 мільёнаў рублёў.