Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: боепрыпасы для СПА Украіны могуць скончыцца ўжо ў сакавіку


Прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму дэманструюць сыстэму СПА Patriot. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму дэманструюць сыстэму СПА Patriot. Ілюстрацыйнае фота

Боепрыпасы для сыстэм СПА Украіны могуць скончыцца ўжо ў сакавіку, калі іх запас ня будзе папоўнены. Гэта сьцьвярджае газэта The New York Times са спасылкай на крыніцы з ліку амэрыканскіх афіцыйных асоб.

У артыкуле, прысьвечаным апошнім перастаноўкам у кіраўніцтве Узброеных сілаў Украіны і расейскаму наступу на Аўдзееўку, адзначаецца, што магчымы недахоп боепрыпасаў, нараўне са стомленасьцю і недахопам асабовага складу, можа ўжо бліжэйшым часам стаць вялікай праблемай для ўкраінскай арміі. Са спасылкай на заходніх чыноўнікаў і ваенных экспэртаў у артыкуле сьцьвярджаецца, што без аднаўленьня маштабнай дапамогі з боку ЗША, найперш паставак узбраеньня і боепрыпасаў, на працягу гэтага года ёсьць пагроза абвальваньня фронту.

Пры гэтым адзначаецца, што прынамсі на два месяцы боепрыпасы і іншыя неабходныя матэрыялы ў Украіны ёсьць, аднак, калі дапамога на працягу некалькіх месяцаў не адновіцца, сытуацыя можа стаць крытычнай да пачатку лета.

Раней амэрыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі аб тым, што на нарадзе з лідэрамі Кангрэса ў студзені высокапастаўленыя прадстаўнікі разьведкі ЗША гаварылі аб пагрозе ваеннай паразы Ўкраіны на працягу некалькіх месяцаў — калі ЗША не адновяць пастаўкі зброі.

Кангрэс з прычыны рознагалосьсяў паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі да гэтага часу не ўхваліў выдзяленьне сродкаў на дапамогу Ўкраіне на 2024 год. Адміністрацыя Джо Байдэна раней запытала каля 61 мільярда даляраў. У Сэнаце зараз разглядаецца законапраект аб дапамозе Ўкраіне, Ізраілю і Тайваню. Няясна, ці будзе ён прыняты. Прэзыдэнт Байдэн неаднаразова заклікаў членаў Кангрэса ўхваліць фінансаваньне для Ўкраіны, адзначаючы надзвычайную важнасьць амэрыканскай дапамогі. Іншыя партнэры Ўкраіны, у прыватнасьці краіны ЭЗ, працягваюць пастаўкі ўзбраеньня і боепрыпасаў Кіеву, аднак іх аб’ёмы істотна меншыя за магчымую дапамогу з боку ЗША.

Кіраўнік фракцыі кіруючай партыі «Слуга народа» у Вярхоўнай радзе Украіны Давід Арахамія ў суботу заявіў аб сваёй упэўненасьці ў тым, што ў бліжэйшыя два месяцы Злучаныя Штаты ўхваляць выдзяленьне сродкаў на дапамогу Ўкраіне і прыпыненыя ў канцы мінулага года пастаўкі адновяцца. Арахамія падкрэсьліў, што ў Ўкраіны на два месяцы хопіць рэсурсаў, «таму мы адчуваем сябе ў бясьпецы».

На фронце ў апошні час ініцыятыва на большасьці ўчасткаў у расейскай арміі, у прыватнасьці цяжкае становішча для ўкраінскіх вайскоўцаў, мяркуючы па інфармацыі з адкрытых крыніц, складаецца ў Аўдзееўцы. Аднак маштабных тактычных посьпехаў або прарываў фронта расейскім войскам дасягнуць не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG