Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі, Італіі і Польшчы прайшлі буйныя пратэсты фэрмэраў. Чаго яны патрабуюць


Пратэст польскіх фэрмэраў ля мяжы, 9 лютага 2024 году
Пратэст польскіх фэрмэраў ля мяжы, 9 лютага 2024 году

Фэрмэры Італіі, Гішпаніі і Польшчы працягваюць пратэставаць супраць сельскагаспадарчай палітыкі Эўразьвязу. 9 лютага яны правялі буйныя дэманстрацыі, якія плянуюць працягваць і надалей.

Фэрмэры ўжо некалькі тыдняў патрабуюць прыняць меры па барацьбе зь «несумленнай канкурэнцыяй» з боку краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Аграрыі скардзяцца, што «зялёны курс» ЭЗ, які прадугледжвае абмежаванае выкарыстаньне хімікатаў і скарачэньне выкідаў парніковых газаў, робіць іх прадукцыю даражэйшай, чым, напрыклад, з Украіны. Праз гэта эўрапейскія сельскагаспадарчыя тавары купляюць менш — адпаведна, прыбытак фэрмэраў скарачаецца.

У Польшчы тысячы трактароў праехалі па ўсёй краіне, блякуючы асноўныя дарогі і памежныя пункты з Украінай. У горадзе Познань пратэстоўцы запалілі паходні і паставілі труну, якая сымбалізуе сьмерць польскай сельскай гаспадаркі, і тачку з гноем, у якую ўторкнулі сьцяг ЭЗ.

Прадстаўнікі польскіх уладаў заклікалі міністра сельскай гаспадаркі Польшчы падаць у адстаўку. У адказ ён заявіў, што «дзейнічаць пад ціскам ня будзе».

У Італіі трактары рушылі ў Рым і праехалі па гістарычным цэнтры побач з Калізеем у суправаджэньні паліцыі.

Фэрмэры ў цэнтры Рыму
Фэрмэры ў цэнтры Рыму
Міністар сельскай гаспадаркі Італіі Франка Лалабрыджыда зьвяртаецца да фэрмэраў на полі каля рымскай кальцавой дарогі. 9 лютага 20 году
Міністар сельскай гаспадаркі Італіі Франка Лалабрыджыда зьвяртаецца да фэрмэраў на полі каля рымскай кальцавой дарогі. 9 лютага 20 году

У Гішпаніі трактары занялі некалькі гарадзкіх вуліц і прыгарадных дарог. Фэрмэры абяцалі пратэставаць усю ноч, а адна з груп заклікала аграрыяў ехаць у Мадрыд, каб правесьці там акцыю ў суботу. У ходзе гішпанскіх дэманстрацый затрымалі 20 чалавек.

Эўракамісія ўжо пайшла фэрмэрам на саступкі: у прыватнасьці, адклала пляны па двухразовым скарачэньні выкарыстаньня пэстыцыдаў і іншых небясьпечных рэчываў. Шэраг мераў па падтрымцы аграрыяў прынялі і нацыянальныя ўрады. Аднак пратэсты гэта не спыніла. Чакаецца, што ў бліжэйшыя тыдні яны працягнуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG