Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW) ідэнтыфікавала 17 падразьдзелаў расейскіх і афіляваных з Расеяй вайсковых сіл, якія дзейнічалі ў Марыюпалі ў сакавіку і красавіку 2022 году, калі ў горадзе адбываліся жорсткія баявыя дзеяньні.
Як адзначаецца ў чарговай справаздачы арганізацыі, экспэрты змаглі таксама ідэнтыфікаваць 10 асобаў, якія нясуць крымінальную адказнасьць за ваенныя злачынствы, зьвязаныя з абстрэламі, блякаваньнем гуманітарнай дапамогі і эвакуацыі, а таксама з прымусовым перамяшчэньнем мясцовых жыхароў у Расею і на акупаваныя ёй тэрыторыі.
Справаздача грунтуецца на 240 інтэрвію зь перасяленцамі з Марыюпалю, а таксама на аналізе больш за 850 фота- і відэаматэрыялаў, дакумэнтаў і спадарожнікавых здымкаў.
У прыватнасьці, вывучэньне гэтых матэрыялаў дазволіла прыйсьці да высновы, што з сакавіка 2022 году да лютага 2023 году ў Марыюпалі пахавалі больш за 10 000 чалавек. Дасьледчыкі пасьля параўнаньня гэтых зьвестак з даваенным узроўнем сьмяротнасьці падлічылі, што сама меней 8 тысяч чалавек загінулі ад баявых дзеяньняў або з прычын, зьвязаных з вайной. У той жа час колькасьць загінулых цывільных і вайсковых па-ранейшаму застаецца невядомай.
Экспэрты арганізацыі мяркуюць, што гэта не канчатковыя высновы, а колькасьць загінулых можа быць істотна вышэйшай, бо ў некаторых магілах хавалі па некалькі целаў, а парэшткі іншых заставаліся пад заваламі зьнішчаных будынкаў.
«Нягледзячы на складанасьці расьсьледаваньня ваенных злачынстваў на тэрыторыях, якія сталі недаступнымі праз расейскую акупацыю, мы і нашы партнэры цягам двух гадоў намагаемся раскрыць праўду пра жахлівыя злачынствы, учыненыя расейскімі вайскоўцамі ў Марыюпалі. Гэтае расьсьледаваньне накіраванае на тое, каб на гэтыя злачынствы ніколі не забыліся, а вінаватыя паўсталі перад правасудзьдзем», — сказаў Раман Аўраменка, выканаўчы дырэктар арганізацыі Truth Hounds, якая таксама ўдзельнічала ў падрыхтоўцы справаздачы HRW.
У справаздачы задакумэнтавалі 14 расейскіх атак, у тым ліку абстрэлы двух лякарняў, гарадзкога драматычнага тэатру, харчовага складу, пункту разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі, супэрмаркету і жылых дамоў, у якіх жыхары хаваліся ад абстрэлаў. Human Rights Watch і Truth Hounds не знайшлі ніякіх доказаў прысутнасьці на гэтых аб’ектах або побач зь імі ўкраінскіх вайскоўцаў, што сьведчыць аб незаконнасьці іх абстрэлаў.
У канцы 2023 году экспэрты Human Rights Watch накіравалі расейскаму ўраду высновы сваёй справаздачы і пералік пытаньняў, але такі не атрымалі адказу.
Да вайны ў Марыюпалі жыло больш як 400 тысяч грамадзян, і прыкладна 120 тысяч жыхароў заставаліся ў акупаваным горадзе па стане на травень 2023 году. У выніку расейскіх абстрэлаў з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ў Марыюпалі маглі загінуць да 25 000 украінцаў і сотні тысяч выехаць. Апроч таго, украінскія ўлады паведамлялі аб дэпартацыі з гораду 50 тысяч украінцаў на расейскую тэрыторыю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.