Выбары павінны былі адбыцца налета, аднак цяперашні кіраўнік дзяржавы Ільхам Аліеў перанёс іх на фоне ўсплёску сваёй папулярнасьці. Гэта адбылося пасьля таго, як Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Акрамя таго, у лістападзе 2024 году Азэрбайджан прыме чарговы кліматычны саміт ААН, дзякуючы чаму Аліеў зноў апынецца ў цэнтры ўвагі, прагназуюць экспэрты.
Аліеў знаходзіцца ва ўладзе з 2003 году, стаўшы пераемнікам свайго бацькі Гейдара Аліева, які быў прэзыдэнтам папярэдняе дзесяцігодзьдзе. Цяпер прэзыдэнт выбіраецца на 7 гадоў, колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў неабмежаваная. Для Аліева гэта ўжо пятыя выбары запар.
За дваццаць гадоў кіраваньня Аліева ў краіне прынялі законы, якія абмяжоўваюць палітычныя дыскусіі: апазыцыянэраў і незалежных журналістаў неаднаразова арыштоўвалі, у тым ліку перад выбарамі.
Акрамя Аліева, у бюлетэні будуць яшчэ шэсьць кандыдатаў, некаторыя зь іх публічна хвалілі Аліева. Рэальных канкурэнтаў дзейнаму прэзыдэнту сярод іх няма, адзначаюць аналітыкі.
Пры гэтым дзьве асноўныя апазыцыйныя партыі — «Мусават» і «Народны фронт Азэрбайджану» — адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Лідэр «Мусавату» Арыф Гаджылы прычынай байкоту назваў недэмакратычнасьць выбараў.
«Многія журналісты і палітычныя актывісты сядзяць у турме. У краіне больш за дзьвесьце палітычных зьняволеных. Існуюць сур’ёзныя праблемы з заканадаўствам аб выбарах, а выбарчыя камісіі ў асноўным знаходзяцца пад уплывам уладаў», — сказаў Гаджылы Associated Press.
Выбары адбываюцца і на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, зь якога восеньню мінулага году вымушана выехалі больш за сто тысяч армян, пакінуўшы многія часткі рэгіёну практычна бязьлюднымі. Большасьць былых кіраўнікоў самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі арыштаваныя азэрбайджанскімі ўладамі.
Менавіта ў Нагорны Карабах для галасаваньня прыехаў і сам Ільхам Аліеў разам з жонкай Мехрыбан і іншымі членамі сям’і. Яны прагаласавалі на выбарчым участку № 14 у Ханкендзі, як азэрбайджанцы называюць Сьцепанакерт.