У дзясятках дамоў Менску ў 2024 годзе правядуць замену ліфтаў. Пляны замяніць ліфты сёлета агучылі ў Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадарцы і апублікавалі адрасы дамоў.
Пры гэтым у Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадарцы не агучылі дакладных дат пачатку і заканчэньня работ у замене. Іх жыхарам павінны назваць мясцовыя ЖЭСы, піша БДГ.
Аднак раней намесьнік галоўнага інжынэра Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі Ігар Ганчарык у інтэрвію sb.by расказваў, што тэрміны «агаворваюцца ў праектна-каштарыснай дакумэнтацыі», якая асобна «распрацоўваецца для кожнага жылога дому». Паводле яго, нарматыўныя тэрміны залежаць ад:
- колькасьці паверхаў;
- колькасьці ліфтаў у будынку;
- «шэрагу іншых фактараў».
«Дзесьці гэта можа быць і 2,5 месяца, дзесьці — і 4,5», — заявіў тады Ганчарык, дадаўшы, што нямала часу пасьля мантажу ліфтавай кабіны займаюць пусканаладачныя работы і атрыманьне ўсіх неабходных дазволаў на ўвод ліфта ў эксплюатацыю, а таксама ліквідацыя недапрацовак, выяўленых у ходзе абсьледаваньня.