Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прымаюць дэлегацыю Паўднёвага Судану, Беларусь стварыла камісію па супрацоўніцтве з Зымбабвэ


Сьцяг Паўднёвага Судану
Сьцяг Паўднёвага Судану

Урадавая дэлегацыя Паўднёвага Судану прыбыла ў Беларусь 6 лютага на запрашэньне праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДПБ).

Пра візыт паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Паводле яго інфармацыі, у склад дэлегацыі ўвайшлі міністры інвэстыцый, аховы здароўя, а таксама намесьнікі міністраў — аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчовай бясьпекі, фінансаў і эканамічнага плянаваньня.

Суданская дэлегацыя будзе ў Беларусі да 8 лютага 2024 году, у яе заплянаваныя сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, перамовы аб разьвіцьці гандлёва-эканамічных адносін.

Паўднёвы Судан адлучыўся ад Судану пасьля некалькіх грамадзянскіх войнаў, абвясьціў незалежнасьць 9 ліпеня 2011 году. Беларусь устанавіла дыпляматычныя адносіны з гэтай дзяржавай 3 верасьня 2013-га.

Аб’ём узаемнага гандлю паміж краінамі нязначны. Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, у 2017 годзе двухбаковы таваразварот склаў 41 тысячу даляраў, у 2020-м — 175 тысяч.

Лібэральна-дэмакратычная партыя — адна з чатырох палітычных структур, якім рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіў афіцыйна існаваць у краіне. ЛДПБ, як і партыя «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, ляяльная дзейным уладам.

Тым часам амбасадар Беларусі ў Зымбабвэ Ігар Маршалаў 5 лютага ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў гэтай афрыканскай дзяржавы Фрэдэрыку Шавэ, паведамляе беларускае замежнапалітычнае ведамства.

Адзначаецца, што бакі абмеркавалі падрыхтоўку да правядзеньня першага пасяджэньня сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве дзеля ўмацаваньня гандлёва-эканамічных сувязяў паміж дзьвюма краінамі.

Пагадненьне аб стварэньні сумеснай камісіі па супрацоўніцтве было падпісана 31 студзеня 2023 году ў Харарэ падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Зымбабвэ.

26 студзеня 2024 года стала вядома, што міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў падпісаў у Зымбабвэ мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж праваахоўнымі ведамствамі дзьвюх краін. Па словах чыноўніка, Лукашэнка «даручыў аказаць усялякую падтрымку зымбабвійскім сябрам».

31 студзеня гэтага году мэмарандум аб супрацоўніцтве падпісалі міністар прамысловасьці Аляксандр Рагожнік і яго зымбабвійская калега Сітэмбіса Джайл Глэдзіс Ньёні.

Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зымбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных зьвестак аб двухбаковым таваразвароце пакуль няма. Па выніках 2022 году абʼём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн даляраў ЗША, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG