Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына запускае праект чатырохдзённага працоўнага тыдня. Яго прасоўваюць прафсаюзы


Закрытае мэтро ў Нямеччыне з прычыны страйку машыністаў 2 лютага, ілюстрацыйнае фота.
Закрытае мэтро ў Нямеччыне з прычыны страйку машыністаў 2 лютага, ілюстрацыйнае фота.

У Нямеччыне ў лютым стартаваў экспэрымэнт: больш як 50 кампаній дазволяць супрацоўнікам працаваць толькі чатыры дні на тыдзень з захаваньнем ранейшага заробку. Мэта – высьветліць, ці могуць супрацоўнікі стаць ня толькі больш здаровымі і шчасьлівымі, але і больш прадуктыўнымі, калі пяройдуць на скарочаны працоўны тыдзень. Тэставаньне працягнецца паўгоду.

Чатырохдзённы працоўны тыдзень у Нямеччыне доўгі час прасоўвалі ў асноўным прафсаюзы. Наёмныя работнікі ціснуць на прадпрыемствы ў тым ліку празь недахоп кваліфікаванай працоўнай сілы на мясцовым рынку, паведамляе Bloomberg.

Ужо некалькі месяцаў запар у краіне напружаныя адносіны паміж працаўнікамі і працадаўцамі. Нядаўна прайшоў шасьцідзённы страйк машыністаў цягнікоў: кіроўцы патрабавалі скарачэньня працоўнага тыдня з 38 да 35 гадзін безь зьмяншэньня заробку. Нямецкія прадпрыемствы будаўнічай галіны таксама сутыкнуліся зь ціскам супрацоўнікаў: рабочыя патрабуюць павялічыць заробак больш як на 20%.

Акрамя таго, падчас пандэміі COVID-19 многія прызвычаіліся працаваць дыстанцыйна. Таму ў магчымасьці дадатковага выходнага дня кампаніі бачаць спосаб утрымаць працаўнікоў і прыцягнуць новы пэрсанал.

Аднак праціўнікі экспэрымэнту настойваюць, што ва ўмовах крызісу трэба больш і лепш працаваць, а не адпачываць. А ў міністэрстве фінансаў ФРГ заяўляюць, што скарачэньне працоўнага тыдня «паставіць пад пагрозу эканамічны рост і росквіт Нямеччыны».

Нямецкія кампаніі рыхтуюцца да таго, што ў бліжэйшыя гады праблема недахопу кваліфікаванай працоўнай сілы будзе абвастрацца. Адно зь нядаўніх дасьледаваньняў паказала, што да 2035 году рынак працы Нямеччыны зьменшыцца больш як на 7 мільёнаў чалавек. Нараджальнасьць доўгі час была нізкай і нават прыток працоўнай сілы з-за мяжы недастатковы. Насельніцтва Нямеччыны, як і іншых краін сьвету, старэе, і прадпрыемствы павінны падрыхтавацца да гэтай праблемы.

Прыхільнікі нямецкага праекту таксама кажуць, што ў кантэксьце агульнаэўрапейскага рынку Нямеччына магла б выйграць і ад прытоку працоўнай сілы з суседніх краін.

  • Чатырохдзённы працоўны тыдзень тэставалі ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Бэльгіі, Японіі, Партугаліі і Гішпаніі. У Амэрыцы па выніках было адзначана «паляпшэньне фізычнага і псыхічнага здароўя» работнікаў, партугальскія экспэрты адзначылі «зьніжэньне ўзроўню трывожнасьці».
  • У Беларусі таксама шмат на якіх прадпрыемствах практыкуецца 4-дзённы тыдзень. Мэта яго ня ў тым, каб зрабіць працаўнікоў здаравейшымі і шчасьлівейшымі, а вынік санкцыяў. У прыватнасьці, на скарочаны працоўны тыдзень пераходзілі «Белмэдпрэпараты»,«Нацыянальны аэрапорт «Мінск», іншыя ўстановы. Прычыны тлумачыліся фармулёўкай: «У мэтах аптымізацыі выдаткаў», заробак працаўнікам скарачаўся разам з адпрацаванымі гадзінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG