Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя пачало разьбірацца ў сытуацыі са сьмерцю нованароджанай у Менску пасьля звароту маці да Лукашэнкі


Цяжарная жанчына. Ілюстрацыйны здымак
Цяжарная жанчына. Ілюстрацыйны здымак

31-гадовая жыхарка Менску Кацярына Сухарукава апублікавала на сваёй старонцы ў «Інстаграме» відэазварот, у якім папрасіла Лукашэнку «разабрацца па факце гібелі» яе дачкі, якая нарадзілася 17 студзеня 2024 года ў радзільным доме № 5 і памерла на наступны дзень.

Здарэньне апісвае «Позірк».

Жанчына паведаміла, што, на думку лекраў, паказаньняў для правядзеньня кесарава сячэньня ня было, нягледзячы на буйнасьць плоду і зялёныя каляплодныя воды (прыкмета кіслароднай недастатковасьці). Адмова праводзіць хірургічную апэрацыю была аргумэнтаваная тым, што кардыётокаграма «ў парадку, няма пагрозы жыцьцю дзіцяці, усе паказчыкі і аналізы ў парадку».

«Хаця, на маю думку, адхіленьні ў КТГ усё ж былі. Калі не было, то чаму дзіця мёртвае?» — адзначыла Сухарукава.

Яна падкрэсьліла, што падчас цяжарнасьці вяла здаровы лад жыцьця, выконвала рэкамэндацыі жаночай кансультацыі і прыбыла да лекараў у належны тэрмін.

Роды, як вынікае з аповеду маці, прайшлі вельмі цяжка, дзіця забралі ў рэанімацыю. Двойчы ў нованароджанай спынялася сэрца, у другі раз аднавіць яго працу не атрымалася. Лекары заявілі, што ў дзяўчынкі была цяжкая асфіксія — стан парушанага дыханьня і недахопу кіслароду ў арганізьме.

Сухарукава ў звароце заклікала прыцягнуць мэдпэрсанал да адказнасьці, калі будзе выяўлены факт халатнасьці.

3 лютага прэс-служба Мінздароўя заявіла, што ў ведамстве «працуе адмысловая камісія па пытаньні аказаньня мэдыцынскай дапамогі парадзісе ў радзільным доме № 5 горада Менска».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG