Кіраўніцтва Ўкраіны праінфармавала прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аб рашэньні звольніць генэрала Валерыя Залужнага з пасады галоўнакамандуючага Ўзброеных сіл Украіны, паведамляе Washington Post са спасылкай на дзьве крыніцы, знаёмыя з абмеркаваньнем пытаньня.
Паводле зьвестак выданьня, у Белым доме не выказваюць наконт гэтага рашэньня ні падтрымкі, ні крытыкі, прызнаючы яго сувэрэнным правам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Зяленскаму яшчэ трэба будзе абнародаваць указ аб звальненьні Залужнага. Пакуль захоўваецца нявызначанасьць аб магчымай даце гэтай падзеі. Аднак, як адзначае Washington Post, папярэдняе апавяшчэньне Белага дома аб рашэньні па Залужным адлюстроўвае ўплывовую ролю ЗША ў ваенна-палітычнай падтрымцы Ўкраіны.
Сыход Залужнага, адной з найбольш папулярных пэрсон ва Ўкраіне, можа нэгатыўна адбіцца на маральным стане войскаў і пахіснуць упэўненасьць заходніх донараў у тым, што Ўзброеныя сіл Ўкраіны змогуць даць адпор расейскім войскам, гаворыцца ў публікацыі.
Разам з тым, любы рух з боку ЗША, які ішоў бы супраць рашэньняў Зяленскага, можа быць успрыняты як праява празьмернага ўплыву.