Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведная служба Літвы патлумачыла, хто зь беларусаў становіць пагрозу нацыянальнай бясьпецы


Былы міліцыянт Аляксандар Маціевіч. Ілюстрацыйнае фота.
Былы міліцыянт Аляксандар Маціевіч. Ілюстрацыйнае фота.

Рэзкі рост колькасьці імігрантаў зь Беларусі стварае дадатковыя пагрозы і рызыкі для нацыянальнай бясьпекі Літвы.

Пра гэта заявілі ў Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі краіны (ДДБ), паведамляе літоўская тэлерадыёкампанія LRT.

Заява Дэпартамэнту зьявілася пасьля агалоскі выпадку з былым маёрам беларускай міліцыі Аляксандрам Маціевічам, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у здушэньні пратэстаў у Беларусі, а потым атрымаў від на жыхарства ў Літве.

У Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі не пракамэнтавалі, як Маціевіч атрымаў часовы дазвол на жыхарства ў Літве, але папярэдзілі пра небясьпеку, якую могуць уяўляць сабой беларусы, якія прыяжджаюць у Літву. Спэцслужба лічыць, што некаторыя зь беларусаў могуць супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі органамі Беларусі і перадаваць ім інфармацыю.

«Паводле дадзеных ДДБ, большасьць мігрантаў зь Беларусі — эканамічныя мігранты, і толькі частка беларусаў, якія жывуць у Літве, удзельнічаюць у розных апазыцыйных мерапрыемствах. Гэта адкрывае перад беларускімі спэцслужбамі магчымасьці для пашырэньня сваёй дзейнасьці і выкарыстаньня ляяльных да рэжыму асобаў супраць інтарэсаў Літвы», — гаворыцца ў заяве дэпартамэнту.

ДДБ таксама паведаміў, што ў 2023 годзе яго супрацоўнікі вывучылі дадзеныя 121 тысячы 577 іншаземцаў, адносна 1415 чалавек было зроблена заключэньне, што яны становяць пагрозу бясьпецы Літвы. Прыкладна 80% зь іх — беларусы, большасьць зьвязаная з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле ДДБ, 60 адсоткаў з тых беларусаў, чыё знаходжаньне ў Літве палічылі небясьпечным, працавалі ў сыстэме ўнутраных спраў або дзяржаўных установах. Яшчэ 30% беларусаў, каму забаранілі ўезд у Літву, служылі ва ўзброеных сілах. Да 10% — працавалі ў вайсковай прамысловасьці ці на іншых стратэгічных аб’ектах. У сваіх рашэньнях дэпартамэнт абапіраўся на дадзеныя выведкі ды іншую інфармацыю.

Днямі стала вядома, што былы маёр беларускай міліцыі Аляксандар Маціевіч, які браў удзел у здушэньні пратэстаў у 2020 годзе, зьехаў у Літву, працуе ўсталёўшчыкам вокнаў у Літве і рэгулярна езьдзіць у Беларусь.

Маціевіч прыехаў у Літву каля паўтара года таму, атрымаў дазволы на жыхарства і на працу. Паводле дадзеных аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol, падчас пратэстаў 2020 году Маціевіч працаваў старшым інспэктарам Лідзкага РАУС. Ён праходзіў «пацярпелым» па крымінальнай справе, зьвязанай з пратэстамі.

  • Першага лютага Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб пазбаўленьні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, бо ён «не адпавядае ўмовам у дачыненьні да тых, каму выдаюць такі дакумэнт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG