Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў 2023 годзе вырасла колькасьць стратных прадпрыемстваў і ўпала рэнтабэльнасьць


Завод МАЗ у Менску, архіўнае фота
Завод МАЗ у Менску, архіўнае фота

У 2023 годзе пагоршыліся некаторыя якасныя паказчыкі беларускай эканомікі, перш за ўсё рэнтабэльнасьць.

Як паведамляе Белстат па выніках працы эканомікі ў студзені–сьнежні 2023 году, рэнтабельнасьць продажаў у студзені–лістападзе 2023 году склала 7,2%, прычым у лістападзе — 5,8%.

У 2022 годзе рэнтабэльнасьць продажаў склала 8,7%, у 2021 годзе — 8,3%, у 2020 годзе — 7,6%. Рэнтабэльнасьць продажаў паказвае, наколькі эфэктыўна працуе прадпрыемства і эканоміка ў цэлым. Падзеньне рэнтабэльнасьці продажаў сьведчыць аб зьніжэньні эфэктыўнасьці беларускай эканомікі.

Аб гэтым сьведчыць і рост колькасьці стратных прадпрыемстваў, які адбыўся ў 2023 годзе. Калі ў 2022 годзе стратных прадпрыемстваў у беларускай эканоміцы было 709, то ў 2023 годзе — 763, прырост склаў 7,6%. Пры гэтым сума чыстых страт гэтых прадпрыемстваў павялічылася на 1,5 мільярда рублёў, ці на 70,7%, і склала 3,55 мільярда рублёў.

Раманчук: Беларуская эканоміка зарабляе на вайне

Эканаміст Яраслаў Раманчук ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што сумняваецца ў сапраўднасьці гэтых лічбаў:

«Мы ж не давяраем лічбам Цэнтрвыбаркаму? Чаму ж мы павінны давяраць лічбам Белстату? Ведамствы Беларусі працуюць паводле прынцыпу «Чаго пажадаеце?», яны выдаюць такія лічбы, каб прадпрыемствам ня быць занадта прыбытковымі (за гэта дырэктараў перамяшчаюць і нават звальняюць) і разам з тым ня быць занадта стратнымі.

Таму ўсе гэтыя ваганьні зьяўляюцца ня больш чым фікцыяй, гэта выказваньне жаданьняў чыноўнікаў і «чырвоных дырэктараў» і ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю, тым больш у межах аднаго-двух працэнтных пунктаў.

Беларуская эканоміка знаходзіцца ў такім стане, што атрымлівае да 15% ВУП за кошт падтрымкі Расеі, зарабляе на вайне, і таму тыя прадпрыемствы, якія працуюць на вайну, яны «ў шакалядзе», астатнія выжываюць ва ўмовах таталітарнай беларускай вайскова-прамысловай сыстэмы. У сельскай гаспадарцы ёсьць сто прадпрыемстваў, якія маюць асаблівы статус, атрымліваюць грошы зь бюджэту, задзейнічаныя ў розных несанкцыянаваных апэрацыях. А паколькі даюць зьвесткі, што там зьнізілася рэнтабэльнасьць, гэта азначае толькі, што заўтра кіраўнікі сельскай гаспадаркі запатрабуюць для яе яшчэ больш падтрымкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG