Адпаведную пастанову 1 лютага апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакумэнтам школьнікаў, якія засвоілі ў рамках профільнага навучаньня зьмест адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі з вывучэньнем асобных прадметаў або модуляў на павышаным узроўні ў гэтых установах адукацыі, а таксама ў ліцэі БДУ, могуць без уступных іспытаў залічыць у пяць ВНУ:
- Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт,
- Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт,
- Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт,
- Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.М. Машэрава,
- Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
Праўда, без іспытаў у гэтыя ВНУ можна паступіць не на ўсе спэцыяльнасьці. На «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраваньне і права», «Усходазнаўства», а таксама на спэцыяльнасьці, прадметамі профільных выпрабаваньняў якіх зьяўляюцца «Творчасьць», «Фізычная культура і спорт», правілы прыёму ў вышэйназваных ВНУ застануцца нязьменнымі — на іх трэба па-ранейшаму здаваць іспыты.
Пастанова набыла сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.
Паводле ранейшай пастановы Мінадукацыі ад лютага 2023 году, без іспытаў можна было паступіць у БДУ, Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт і Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
3 студзеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, у якім гаворыцца, хто зможа трапіць у беларускія ВНУ без іспытаў і па льготах. Згодна зь ім, без іспытаў у ВНУ могуць паступіць:
- пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і ўнівэрсытэцкіх алімпіяд, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку (па рэкамэндацыі назіральнай рады),
- выпускнікі ліцэяў пры ўнівэрсытэтах (калі паступаюць менавіта ў гэты ўнівэрсытэт),
- абітурыенты, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамэн у Расеі (пры паступленьні на платную форму навучаньня).
Таксама па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці сілавікоў, а менавіта дзеці вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананьні службовых абавязкаў, выхаванцы вайскова-патрыятычных клюбаў пры паступленьні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і на вайсковыя факультэты.