У беларускіх санаторыях за мінулы год адпачылі 1,483 млн чалавек. Такую лічбу назваў «рэкорднай» дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санаторна-курортнага лячэньня насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.
Чыноўнік падкрэсьліў, што станоўчую дынаміку зафіксавалі па ўсіх паказьніках, прычым яна аказалася вышэйшай за пляны.
Сярэднегадавая запаўняльнасьць санаторыяў перавысіла 84%. А выручка ад продажу санаторна-курортных паслуг дасягнула 1,063 млрд рублёў: такім чынам, галіна спрацавала ў плюс на 21%.
Што да лячэньня іншаземцаў, іх стала больш на 15,5%. За 2023 год гэта 217,5 тысячы чалавек. Выручка — 311 млн рублёў, або плюс 26%.
Раней Генадзь Балбатоўскі прагназаваў, што выручка ад экспарту паслуг у параўнаньні з 2022-м павялічыцца на 25-30% і дасягне 300 млн рублёў.
Часьцей за ўсё ў Беларусі адпачываюць расейцы, на іх прыпадае 95% іншаземцаў. А прыяжджаюць людзі з 70 краін сьвету.
У першым паўгодзьдзі ў цэнтры плянуюць агульнае павелічэньне выручкі на 10%, а па экспарце паслуг чакаюць рост 15%. Прагноз склалі, абапіраючыся на лічбы па браняваньні.
Па выніках 2023 году сярэдні кошт стандартнага двухмеснага нумару ў санаторыі склаў 92 рублі за дзень. У I квартале 2024-га такі нумар абыдзецца ў 102 рублі, што на 4% таньней за сьнежань 2023-га. У II квартале нумары зноў падаражэюць у межах 4%. Для льготных катэгорый адпачывальнікаў нумар абыдзецца ў сярэднім у 65 рублёў за дзень.