Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску колькасьць вострых рэсьпіраторных інфэкцый вырасла на траціну за тыдзень


У Менску цяпер назіраецца сэзонны ўздым вострых рэсьпіраторных інфэкцый. Пра гэта паведаміла галоўная лекарка Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Іна Кандрэскул у інтэрвію ўрадаваму агенцтву Белта.

«У Беларусі ВРІ і грып характарызуюцца сярэдняй інтэнсіўнасьцю. За мінулы каляндарны тыдзень колькасьць новых выпадкаў вырасла на 33% у параўнаньні з папярэднім тыднем», — сказала Іна Кандрэскул і параіла памятаць пра захаваньне правілаў асабістай гігіены, рэсьпіраторнага этыкету, вакцынацыі супраць адру, грыпу і іншых хваробаў.

57% хворых, паводле лекаркі, — гэта дзеці. Асабліва рызыкуюць захварэць дзеці да трох гадоў, а таксама людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і асобы з хранічнымі хваробамі.

Часьцей за ўсё менчукі сутыкаюцца з адэнавірусамі, вірусамі парагрыпу і іншымі негрыпознымі рэсьпіраторнымі інфэкцыямі. Ёсьць адзінкавыя выпадкі грыпу А.

Галоўная лекарка Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Іна Кандрэскул таксама параіла менчукам падумаць пра прышчэпку ад сэзоннага грыпу. Паводле яе, вакцыны ёсьць ува ўсіх менскіх установах аховы здароўя.

  • Раней сёньня стала вядома, што ў Наваполацкай папраўчай калёніі № 1 узьнікла ўспышка грыпу. Пра гэта паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал «MAYDAY TEAM».
  • Згодна з паведамленьнем, мэдчастка калёніі перапоўненая, а ў некаторых атрадах (2-м і 10-м) прастудныя захворваньні мае палова асуджаных. Гэта сотні чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG