У пералік дадалі кватэры для ільготнікаў, а таксама арэнднае жыльлё. Пастанова Саўміна апублікавана на партале Pravo.by.
Дакумэнт прынялі яшчэ ў 2011 годзе. Тады дзяржава вырашыла ўсталяваць нейкія мінімальныя патрабаваньні да забудоўнікаў па аздабленьні пабудаваных дамоў і кватэр.
У апошняй рэдакцыі пастановы № 716 прапісвалася, што ўнутранае аздабленьне, міжпакаёвыя дзьверы, падлогі, убудаваная мэбля, сантэхніка, электра- або газавыя пліты зьяўляюцца абавязковымі для здачы ў эксплюатацыю інтэрнатаў, ведамасных кватэр і дамоў у сельскай мясцовасьці і сацыяльнага жыльля.
Цяпер так званае «чыставое аздабленьне» стала абавязковай для жылых памяшканьняў у шматкватэрных дамах, якія будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, а таксама арэнднага жыльля.
Аднак жыльлё для льготнікаў могуць прыняць «без выкананьня работ па ўстаноўцы ўбудаванай мэблі і электрычных пліт пасьля ўнясеньня адпаведных зьмяненьняў у праектную дакумэнтацыю».
У 2022 годзе ў Беларусі, наадварот, спрасьцілі правілы будаўніцтва фізычнымі асобамі жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, але толькі ў сельскай мясцовасьці.