Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд абавязаў Трампа выплаціць 83,3 мільёна даляраў па справе аб паклёпе


Суд прысяжных Нью-Ёрка абавязаў былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выплаціць 83,3 мільёна даляраў пісьменьніцы Элізабэт Джын Кэрал па справе аб паклёпе.

Гэтая сума складаецца з кампэнсацыі рэпутацыйнай шкоды (11 млн даляраў), эмацыйнай шкоды (7,3 млн даляраў) і штрафу 65 млн даляраў, якія адвакаты Кэрал прасілі прызначыць, каб прымусіць палітыка спыніць яго нападкі на пазоўніцу.

Кэрал сьцьвярджала, што Трамп разбурыў яе рэпутацыю, калі стаў адмаўляць, што згвалтаваў яе ў прымяральні ўнівэрмага ў 1996 годзе. Суд прызнаў Трампа вінаватым у сэксуальных дамаганьнях да Кэрал і паклёпу ў траўні 2023 году.

Трамп мае намер абскардзіць рашэньне суда. Ён прысутнічаў на паседжаньні, але на абвяшчэньне рашэньня прысяжных не прыйшоў. Падчас паседжаньня было чуваць, як Трамп мармыча, што гэтая справа — «афёра» і «паляваньне на ведзьмаў» і што ён да гэтага часу ня ведае, хто такая Кэрал. Судзьдзя двойчы прасіў яго замаўчаць, перадае Reuters.

У сваіх паказаньнях Трамп паўтарыў заявы, зробленыя ім раней, што абвінавачваньні Кэрал — «містыфікацыя», а сама яна «псыхічна хворая». Ён працягвае настойваць, што пісьменьніца прыдумала згвалтаваньне, каб павялічыць продажы сваіх мэмуараў, якія яна выпусьціла ў 2019 годзе.

Кэрал вітала рашэньне прысяжных. «Гэта вялікая перамога для кожнай жанчыны, якая ўстае, калі яе зьбіваюць з ног, і вялізная параза для кожнага агрэсара, які прыгнятае жанчыну», — сказала яна.

Гаворка ў абодвух выпадках ішла пра грамадзянскае судаводзтва, а не пра крымінальны працэс.

  • Дональд Трамп — першы ў гісторыі ЗША былы прэзыдэнт, якому інкрымінуюць учыненьне крымінальных злачынстваў. Супраць Трампа завялі ажно 4 крымінальныя справы. Ні па адной зь іх віну Трамп не прызнае. Пры гэтым ён зноў вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта ЗША на выбарах у 2024 годзе.
  • Зыходзячы з апошніх апытаньняў амэрыканцаў, Трамп, які быў прэзыдэнтам у 2017-2021 гадах — патэнцыйны пераможца праймэрыз Рэспубліканскай партыі. У гэтым выпадку ён будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША зь верагодным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам і некалькімі самавылучэнцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG