Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн і Трамп перамаглі на праймэрыз у штаце Нью-Гэмпшыр


Галасаваньне ў штаце Нью-Гэмпшыр, архіўнае фота
Галасаваньне ў штаце Нью-Гэмпшыр, архіўнае фота

23 студзеня цяперашні і былы прэзыдэнты ЗША Джо Байдэн і Дональд Трамп выйгралі праймэрыз Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый адпаведна.

Пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў Байдэн атрымлівае каля 41% галасоў дэмакратаў (зь перавагай больш як 20% над найбліжэйшым канкурэнтам — Дынам Філіпсам), Трамп — амаль 55% галасоў рэспубліканцаў (зь перавагай больш як 10% над Нікі Гэйлі, якая ідзе сьледам).

Па рашэньні партыі Байдэн ня быў уключаны ў бюлетэнь, аднак прыхільнікі ўпісвалі яго прозьвішча ўручную. Пасьля праймэрыз Байдэн заявіў, што «цяпер зразумела», што Трамп стане кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі. Ён папярэдзіў, што дэмакратыя і эканоміка ЗША «пад пагрозай» і заклікаў «расчараваных» рэспубліканцаў галасаваць за яго ў лістападзе.

Даволі значны разрыў паміж Трампам і Гэйлі, які адбыўся пасьля пераканаўчай перамогі Дональда Трампа на першасных галасаваньнях у Аёве на мінулым тыдні, на думку аналітыкаў, пацьвярджае дамінантнае становішча Дональда Трампа сярод электарату Рэспубліканскай партыі.

У мінулым кандыдаты, якія атрымалі перамогі і ў Аёве і ў Нью-Гэмпшыры, заўсёды дамагаліся намінацыі ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Дрэнная навіна для Трампа — як сьведчаць экзыт-полы, 32% рэспубліканцаў не гатовыя прагаласаваць за яго на прэзыдэнцкіх выбарах.
Гэйлі, якая павіншавала Трамп зь перамогай, заявіла аб гатоўнасьці працягваць барацьбу за намінацыю.

«Гэта першыя праймэрыз у краіне, а не апошнія. Барацьба ня скончаная. Наперадзе барацьба ў дзясятках штатаў», — запэўніла Гэйлі выбарнікаў.

Гэта былі другія галасаваньні ў шматмесячным працэсе праймэрыз, якія завершацца ўлетку афіцыйным вылучэньнем кандыдатаў у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый. Наступныя першасныя выбары пройдуць у Паўднёвай Караліне і Нэвадзе ў пачатку лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG