«Подпісы з-за мяжы мы вітаем, але ў ЦВК не панясём, паколькі ў нас дастаткова подпісаў, сабраных унутры краіны», — сказаў Надзеждзін «Независимой газете». Паводле лічыльніка на сайце ягонай выбарчай кампаніі, зараз на тэрыторыі Расеі сабрана больш за 180 тысяч подпісаў. Збор працягваецца.
Раней высьветлілася, што па законе подпісы, пастаўленыя расейцамі, якія пражываюць у іншых краінах не на сталай аснове, могуць быць прызнаныя несапраўднымі. У многіх замежных гарадах выстройваліся чэргі з расейцаў, якія жадалі падтрымаць Надзеждзіна.
Подпісы за мяжой зьбіраліся на рэгіянальных падпісных лістах, таму вызначыць, дзе менавіта яны былі сабраныя, проста не атрымаецца. Аднак ЦВК можа зьвярнуцца ў МУС, каб высьветліць, дзе знаходзяцца зборшчыкі ці натарыюсы, якія завяралі падпісны ліст.
Збор подпісаў завершыцца 31 студзеня. Аб рэгістрацыі кандыдатаў ЦВК абвесьціць не пазьней за 10 лютага. Цяпер на пасаду прэзыдэнта Расеі прэтэндуюць 11 кандыдатаў, дапушчаных да збору подпісаў у сваю падтрымку або вылучаных парлямэнцкімі партыямі (такім кандыдатам подпісы зьбіраць не трэба).
- Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
- Улады рэгулярна ўмешваюцца ў выбарчы працэс, абцяжарваюць доступ да апазыцыі, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і пра прамыя фальсыфікацыі.